Гайды, разборы Наша ўсё
CityDog.io

У школьным падручніку па белліце фота Янкі Купалы паставілі пад біяграфіяй Якуба Коласа. Што наогул адбываецца?

У школьным падручніку па белліце фота Янкі Купалы паставілі пад біяграфіяй Якуба Коласа. Што наогул адбы...
У падручніку па беларускай літаратуры для 10-га класа побач з фота Купалы напісана, што гэта Колас, у назвах паэмы «Новая зямля» і рамана «На ростанях» памылкі, Коласу прыпісана Купалава паэма «Курган»… Як так?

У падручніку па беларускай літаратуры для 10-га класа побач з фота Купалы напісана, што гэта Колас, у назвах паэмы «Новая зямля» і рамана «На ростанях» памылкі, Коласу прыпісана Купалава паэма «Курган»… Як так?

Падручнік па беларускай літаратуры, 10 клас. Даведка пра Якуба Коласа, на фота – Янка Купала.

Падручнік па беларускай літаратуры за 10-ы клас (2020). На фота – Янка Купала, а даведка – пра Якуба Коласа. Гэта заданне «Знайдзі памылкі на картцы»: аўтары падручніка наўмысна паблыталі фота Купалы і Коласа, а таксама наўмысна зрабілі процьму факталагічных, арфаграфічных і пунктуацыйных памылак.

Гэта заданне з серыі «знайдзі памылку». Але чаму паэтаў можна зблытаць? Глыбінная прычына ў тым, што ўлада вельмі доўга прымушала паэтаў любіць яе. У выніку прымусовай любові нараджаліся невыразныя вершы. І такімі ж невыразнымі падаваліся чытачам самі паэты. Ажно розніца паміж імі пачала сцірацца нават у тых, хто складае падручнікі. Тым часам Купала і Колас не хацелі быць «савецкімі» і супраціўляліся, колькі маглі.

У вас не бывала ўражання, што ў школе на ўроках гісторыі нам расказваюць не ўсё? У рубрыцы «Наша ўсё» мы актуалізуем школьныя веды плюс даём больш інфы, дэталей і акцэнтаў.

ВАЖНА: нашы тэксты можна (і трэба!) выкарыстоўваць, рыхтуючы рэфераты і даклады.

Янка Купала і Якуб Колас належалі да пакалення, на вачах у якога здарыўся цуд. Беларусы, якія ў Расійскай імперыі былі прыгнечанай бяспраўнай масай, за нейкія 15 гадоў выпрасталіся і сталі народам, вартым нацыянальнай дзяржавы: са сваёй літаратурай, прэсай, тэатрам, навукоўцамі і палітычнымі лідарамі. І самі Колас з Купалам прыклалі многа сіл да таго, каб так адбылося.

Янка Купала і Якуб Колас.Купала і Колас усё жыццё прайшлі побач, але былі вельмі рознымі і ў творчасці, і па характарах. І часам адзін аднаго няслаба раздражнялі.

У сакавіку 1918 года ў Мінску была абвешчана незалежная Беларуская Народная Рэспубліка. Але пасля прыйшлі расійскія бальшавікі, разагналі Усебеларускі з’езд, на якім мусіў быць сфарміраваны ўрад. Пачалася хваля акупацый: адзін захопнік змяняў другога, аж пакуль не ўсталявалася кіраваная з Масквы беларуская савецкая ўлада – і абодва паэты так доўга, як толькі маглі, дыстанцыраваліся ад яе.

У савецкіх падручніках вывучаліся іх творы з праслаўленнем камуністаў. Наколькі шчырымі былі Купала і Колас?

Колас пісаў «Новую зямлю», калі яму патрэбна была псіхалагічная тэрапія

Несавецкасць Коласавай паэмы «Новая зямля» заўжды кідалася ў вочы. Галоўная мара герояў – купіць зямлю, завесці ўласную гаспадарку, каб нікому не кланяцца. Не супадае з ідэяй калектывізацыі.

Для Коласа пісанне паэмы было псіхалагічнай тэрапіяй – рэакцыяй на ізаляцыю, зняволенне ў той ці іншай форме, заўважылі крытыкі. Ён пачаў пісаць яе ў мінскай турме ў 1908–1911 гадах, дзе сядзеў за арганізацыю з’езду беларускіх настаўнікаў.

Мінскі турэмны замак «Валадарка». Там сядзеў Якуб Колас.

Мінскі турэмны замак – «Валадарка», – дзе сядзеў яшчэ Якуб Колас, перасталі выкарыстоўваць па прызначэнні толькі летась.

Калі вызваліўся, закінуў паэму. Зноў вярнуўся да яе пасля рэвалюцыі, калі апынуўся ў Расіі, пад Курскам, адарваны ад Беларусі:

Далёка я ад межаў родных
Сярод людзей, душой халодных
І сэрцам чэрствых. Я гадаю,
Я родны край успамінаю…

Гэтыя радкі яму ў 1936 годзе прыпаміналі савецкія крытыкі, калі вінавацілі ў «буржуазным нацыяналізме» і нелюбові да рускіх.

З «Новай зямлі» смяяліся паэты-маладнякоўцы 1920-х, казалі, што яе варта паставіць на этнаграфічную паліцу побач з Шэіным і Федароўскім. А Колас здолеў напісаць універсальную рэч, зразумелую ўсім беларусам ад Беластока да Смаленска (Іван Шамякін успамінаў, як паэму цытавалі леснікі з Кармы).

«Новая зямля» паўстагоддзя – пакуль жылі пакаленні, якія разумелі паказаны ў ёй побыт, – яднала ўсіх беларусаў. «Мой родны кут, як ты мне мілы» вучылі ва ўсіх беларускіх школах. І гэта была найбольшая дыверсія Коласа супраць савецкай улады.

Ідэі паэмы не састарэлі: уласная зямля – сімвал уласнай айчыны, незалежнасці. І некаторыя эмоцыі герояў будуць блізкія сённяшняму пакаленню – напрыклад, стома ад засілля розных начальнікаў:

Пакуль што досыць аб панох:
Яны прыеліся, дальбог!
Яны без сэрца і сляпыя,
І ўсе заходы іх пустыя,
І пусты іх усе імкненні
Назад ход часаў павярнуць,
І дзіркі палкамі заткнуць,
І перарваць жывыя звенні,
Якіх вякі не перарвалі
У гістарычным перавале.
Ім цёмна, нема кніга лёсу,
Яны не бачаць далей носу
І рубяжоў свае пасады…
А ну іх к ліху! ну іх к ляду!

З паэмы «Сымон-музыка» цэнзура татальна выкідала слова на літару «м»

А паэма Коласа «Сымон-музыка» ўвогуле была забаронена 20 гадоў, бо ў галоўным адмоўным героі бальшавікі пазналі сябе.

Паэма друкавалася ў 1921 годзе ў мінскай газеце «Вольная Беларусь». І найлепшыя літаратурныя крытыкі таго часу Адам Бабарэка і Антон Адамовіч (аднаго замучылі ў 1938-м, другі выехаў у эміграцыю ў ЗША) пагаджаліся, што ў вобразе галоўнага героя, Сымона, паказаны беларускі паэт-адраджэнец, у вобразе яго каханай Ганны – «маладая Беларусь» (гэта быў папулярны ў тыя часы вобраз – памятаеце Купалава «занімай, Беларусь маладая мая, свой пачэсны пасад між народамі»?).

Якуб Колас у 1921 годзе.

Якуб Колас у 1921-м.

Да Ганны заляцаецца і яе сусед Дамінік, «жох, што сябе занадта мерыў і меў рызыкі на трох». Калі Ганна адмаўляе, Дамінік спрабуе ўзяць яе сілай. Збег абставін перашкаджае гвалтаўніку, але пасля таго выпадку «не ўздужала дзеўка жыць».

Антон Адамовіч так разумее ідэю паэмы: бальшавікі не змаглі зрабіць Беларусь сваёй, але цяжка знявечылі. І яна заснула на час «ліхалецця». Але працяг будзе –«круг не скончыў свой Сымон».

Крытык лічыў, што Колас нават спецыяльна выбраў імя Дамінік, каб рыфмаваўся з «бальшавік». А жох – гэта махляр. У «Вольнай Беларусі», да якой Колас быў блізкі ў пачатку 1920-х (яе выдаваў дзядзька паэта Язэп Лёсік), бальшавікоў часта называлі махлярамі, авантурыстамі. А сам Колас пісаў пра іх у вершах як пра «нячыстую сілу», якая «водзіць у полі» вызвалены рэвалюцыяй народ. У вершы «Беларускаму люду» ён назваў бальшавікоў і палякаў, якія падзялілі Беларусь на Заходнюю і Усходнюю, «чужаніцы, цёмных дарог махляры».

«Сымона-музыку» моцна цэнзуравалі. У жорсткіх эпітэтах паэмы выяўлялася эмацыйная рэакцыя беларускага патрыёта на тое, што рабілі з яго краінай. З твора татальна знікае слова «маскаль» – дзеля гэтага выкідаюцца цэлыя строфы. Або яно замяняецца: замест «лях ліхі, маскаль паганы» з’яўляецца «пан пышлівы, надзіманы», замест «ні пан, ні хам» (апошняе – у значэнні «бальшавік») цэнзары пішуць «ні ксёндз, ні пан»:

Родны край! ты разарваны,
І на захад ад мяжы
Пан пыхлівы, надзіманы
Моцна сцягвае гужы…
…Ды ні ксёндз, ні пан не верне
Плынь гісторыі назад!

Ад гэтага скажалася думка аўтара, паэма набывала «перакос» у антыпольскі бок.

Знікла і фраза «І чаму я марна трачу між чужынцаў дні свае» – любы намёк на тое, што бальшавікі для беларуса чужынцы, выкрэслівалі.

Татальна высякалі і згадкі пра Бога. Знік маналог Сымона на 114 радкоў «Радасць Божую, светы, пазнайце», якую сучаснікі называлі пярлінай не толькі паэмы, але і наогул беларускай паэзіі.

А радкі «І любіў ён адзіноту, бо так лепей было жыць» спачатку гучалі як «І любіў ён адзіноту, бо ў гурце кепска жыць». Паправілі, пэўна, бо не супадала з ідэяй савецкага калектывізму.

Але і парэзаную паэму беларускія крытыкі паабапал савецкай мяжы дружна называлі найлепшай у Коласавай творчасці. І ўсё адно рэцэнзенты-даносчыкі Лукаш Бэндэ і Айзік Кучар напісалі на Коласа пасквіль – за тое, што «ўзвялічваў ролю інтэлігента-адраджэнца». Паэму забаранілі, перасталі вывучаць у школах. Перавыдаць яе ўдалося толькі праз 21 год, калі і саміх ганіцеляў паразганялі і парасстрэльвалі.

Помнік Сымону-музыку і Ганне ў цэнтры Мінска.

У 1930-я паэма была забаронена, а цяпер помнік Сымону і Ганне стаіць у цэнтры Мінска.

Хрэстаматыйную трылогію Коласа «На ростанях» крытыкавалі за тое ж самае – маўляў, надае «нацыяналістычнай інтэлігенцыі місіянерскае ролі адраджэння краіны». (А роля гэта мусіла належаць, безумоўна, прысланаму з Расіі пралетарыю-бальшавіку.)

Антысавецкія вершы Коласа друкавалі з іншай датай, каб выглядала, што яны напісаны ў царскія часы

Беларускія камуністы ўвесь час спрабавалі перацягнуць Коласа на свой бок. Яго вершы пачалі з’яўляцца ў беларускай прабальшавіцкай газеце «Дзянніца», якую выдаваў пісьменнік і чыноўнік Цішка Гартны (у 1919 годзе ён быў першым кіраўніком БССР – а ў 1937 годзе звар’яцеў у магілёўскай турме).

Пісьменнік Цішка Гартны (Зміцер Жылуновіч).

Пісьменнік Цішка Гартны, ён жа чыноўнік Зміцер Жылуновіч.

Першая беларуская бальшавіцкая газета «Дзянніца».

Першая беларуская бальшавіцкая газета «Дзянніца».

«Улез, як лісіца ў саладуху», – так у лісце да Язэпа Лёсіка Колас характарызаваў тое супрацоўніцтва. Але і ў «Дзянніцы» паэт заставаўся сабой. Як парада Гартнаму-Жылуновічу гучыць верш «Не прасі…»:

Не масціся к сільным, дружа,
Змейкаю-бярозкай,
Бо ня выйдзеш век з-пад гужа,
Згубіш вобраз Боскі.

І ў людзей ты гонар страціш,
Усе цябе зракуцца.
Лепш зламацца вольным, браце,
Чым цярпець і гнуцца.

Пасля гэты верш друкаваўся пад загалоўкам «Будзь цвёрды», і «зламацца» ў ім замянілі на «змагацца». Змянілі і год напісання (на 1912-ы). Гэта выглядае як спроба «замесці сляды», адзначае Адамовіч.

Дастаткова змяніць год – і выйдзе, што верш крытыкуе не сённяшнія парадкі, а колішнія, царскія.

Так, Коласаў верш «Дай зірну…», напісаны ў снежні 1919 года, пасля стварэння савецкай Беларусі, у зборніках сталінскіх часоў быў перанесены ў 1909 год:

Дай зірну ў сваё ваконца –
Снег і снег вакол, зіма.
І нейк цесна, як ў палонцы,
Ўсё цяжэй звісае цьма…

«Колас усталяванне пралетарскай дыктатуры на Беларусі ўспрымае як змену аднаго прыгнятацеля другім», – пісаў крытык Лукаш Бэндэ, па даносах якога пасадзілі і расстралялі многіх пісьменнікаў. Нагодай стаў верш «Родныя малюнкі»:

Кавалі другія –
а ланцуг той самы.
Песні ўсе старыя
Неаджытай гамы…

Лукаш Бэндэ (злева) з жонкай і паэтам Ізі Харыкам.

Лукаш Бэндэ (злева) з жонкай і паэтам Ізі Харыкам на адпачынку. Ізі Харык быў расстраляны ў 1937-м.

Колас вярнуўся ў БССР у 1921 годзе. Верш «Цені-страхі» адлюстроўвае тое, што ён адчуў у краіне, – запалоханасць і маўчанне:

Я іду, гляджу і – дзіва:
Ці раней таго не бачыў?
Ўсюды стала нейк тужліва
І трывожна-баязліва!
Змену гэту я зазначыў.

(Лес, папары і загоны
Твар выразны свой хаваюць.
Дзесь далёка стогнуць звоны,
Дзесь у лесе плач шалёны –
Совы дзень свой зачынаюць.)

У апошні дзень жыцця Колас паехаў у Курапаты?

Пасля 1926-га, калі Колас атрымаў званне Народнага пісьменніка і пажыццёвую пенсію, ён не так яўна выказваў пратэст. Дый гэта рабілася небяспечна. У пачатку 1930-х мінскае ГПУ сфабрыкавала палітычную справу «Саюза вызвалення Беларусі», па якой пасадзілі, выслалі, расстралялі 86 дзеячаў навукі і культуры. Выклікалі на допыты і Коласа, у яго дома праходзілі вобшукі.

Мастак Яўген Ціхановіч пераказваў, што вобшукам у Коласа кіраваў Віталь Зэйдэль-Вольскі. «Вольскі рэзаў брытвай падушкі, і Колас пытаўся: “Чаго ж ты шукаеш, Віталька?” – “Я табе не Віталька!” – адказаў той».

Віталь Вольскі, дзед Лявона Вольскага, у той перыяд быў дырэктарам Інстытута літаратуры і мастацтва Акадэміі навук.

Пасля страшных рэпрэсій 1937 года ў Беларусі засталося ўсяго некалькі нерасстраляных і непасаджаных пісьменнікаў. А былі дзясяткі.

Чаму Колас не кіраваўся ўласнай канцэпцыяй «лепш зламацца вольным, чым цярпець і гнуцца»? Баязлівым ён не быў. А ГПУ толькі і чакала, каб фігура такога маштабу недзе «падставілася». Але Колас разумеў, што беларуская культура ў савецкай Беларусі не абвешчана агулам «нацдэмаўскай» і не вынішчана, пакуль ён жывы і не ў апале. І дзеці ў школе чыталі спачатку «мой родны кут, як ты мне мілы», а пасля ўжо «начинается земля, как известно, от Кремля».

Якуб Колас.

У апошні дзень жыцця Колас паехаў у Курапаты. На гэта намякае даследчык Сцяпан Александровіч у кнізе «Крыжавыя дарогі» (1985). Ацаніце кінематаграфічнасць гэтай сцэны:

«Пасля снядання 13 жніўня 1956 года Канстанцін Міхайлавіч папрасіў шафёра завезці яго ў лес. Праехалі яны па Маскоўскай шашы і звярнулі налева, дзе на пагорку стаялі высокія сосны, а крыху ніжэй прыкідаліся купкі дужых бяроз.

Спачатку ён крыху патупаў: ці не схаваліся дзе ў зялёным моху ці пад кустом баравікі. А потым прысеў на пень. Сонца свяціла яшчэ па‑летняму, але перагонамі налятаў халодны вецер, і ён вымушаны быў шукаць зацішак у лагчыне каля бяроз. Прылёг на сухую купіну і цяпер толькі ўбачыў побач з трыма бярозамі вялікі мурашнік… Доўга сядзеў ён, пазіраючы на мітусню мурашак, адключыўшыся ад усяго, што дзеелася вакол. Потым моўчкі падняўся, пахадзіў вакол мурашніка і бяроз, сеў у машыну і вярнуўся дахаты. З цяжкасцю падняўся ў свой рабочы пакойчык, перакусіў, і раптам стала кепска.

У трынаццаць гадзін дваццаць хвілін перастала біцца ягонае сэрца…»

За што ручны сталінскі пісака бэсціў Купалу?

Изменил поэт народу,
Заплясал панам в угоду.
Янки посвист соловьиный
Превратился в шип змеиный –
Да, в змеиный! Да, в змеиный!

– такі вершаваны данос на Янку Купалу ў 1919 годзе напісаў Дзям’ян Бедны. Ні да таго, ні пасля прыдворны крамлёўскі сатырык беларускай паэзіяй не цікавіўся. Нагодай стала тое, што ў газеце «Рунь», якая выходзіла ў Мінску, занятым палякамі, з’явіўся Купалаў верш «Паўстань…». У тым самым нумары была інфармацыя пра прыезд у Мінск Пілсудскага.

Юзэф Пілсудскі ў Мінску.

Пілсудскі ў Мінску.

І Купалу вінавацілі, што ён напісаў яму оду: «Паўстань з народу нашага, ваяк, І волатам на Юр’евым кані Народ аграблены – бы з торб жабрак За Бацькаўшчыну павядзі ў агні!» У пазнейшых савецкіх выданнях пісалі «на вогненным кані», бо са святым Юр’ем атаясамліваўся вершнік на старажытным гербе ВКЛ. Заўважаеш: дзе толькі ў вершах класіка ёсць штосьці фальшывае, недацягнутае, абавязкова гэта будзе цэнзурная праўка.

«15 гадоў таму назад аб незалежнасці і падумаць было небяспечна, сягоння нашыя дужэйшыя суседзі самі па-дзяржаўнаму гавораць з намі як з народам, каторы заслужыў па людскаму і божаму праву гэтую незалежнасць», – казаў Купала, выступаючы на вечарыне з нагоды 15-годдзя творчай дзейнасці ў 1920-м.

Тады быў кароткі момант уздыму: і Ленін, і Пілсудскі маглі пагадзіцца на стварэнне паміж імі беларускай дзяржавы, хай сабе і «буфернай». Але паспяховы наступ бальшавікоў скончыў гэтыя размовы.

Калі Колас і Купала пісалі пра прыроду, за гэтым хаваўся падвох

Купала таксама доўга не прымаў савецкую ўладу. Хоць у 1920-я кіраўнікі БССР спрабавалі спалучаць бальшавіцкую палітыку са спрыяннем нацыянальнай культуры. Купала нават, пераклаўшы з французскай «Інтэрнацыянал» на замову нацыянал-камуністаў, доўга не дазваляў падпісваць аўтарства перакладу.

Антон Адамовіч адзначаў, што ў беларускай паэзіі, у адрозненне ад рускай, не было чыстай пейзажнай лірыкі. Калі Купала ці Колас апісвалі прыродную з’яву, за гэтым абавязкова хаваўся падвох.

Янка Купала ў 1921 годзе.

Купала ў 1921-м.

У тым самым 1921 годзе, калі Колас напісаў «Цені-страхі», Купала склаў верш «Мароз»:

…Як пухам, сняжком пасыпаю
І хвою, і ёлку, і клён;
Хто ў госці ка мне забярэцца,
Тулю тых, галублю іх сон.

І казкі шапчу ім аб шчасці,
І цемру зганяю з вачэй…
Хадзіце, хадзіце к Марозу!
Хадзіце у госці хутчэй!

Пільны Лукаш Бэндэ западозрыў, што ў вобразе марозу паэт паказаў «пралетарскую дыктатуру».

Купала «як і другія беларускія нацыяналісты, у сваіх вершах імкнецца паказаць, што ў Расіі і ў выніку сацыялістычнай рэвалюцыі нічога не змянілася, што засталася царская Масква, прыгнятальнік і душыцель нацыянальнасцяў», – адзначаў Бэндэ ў юбілейным артыкуле «Творчы шлях Купалы».

Радкі з верша «Наша гаспадарка», да якіх прычапіўся Бэндэ, у самым першым варыянце гучалі так:

Чужы і свой хлеб станавіцца жорсткім комам
І душыць кліч: ці доўга будзе нам заломам
Варшава панская і рабская Масква.

Масква была «рабская», а не «царская». І сапраўды, твор напісаны ў 1918 годзе, ні пра якога цара гаворкі быць не магло. А «рабамі», «хамамі» бальшавікоў тады называлі часта.

Як Купала шыфраваў вершы савецкага часу

Нават пасля 1925 года, атрымаўшы званне Народнага паэта, Купала спрабаваў шыфраваць у вершах свае сапраўдныя думкі. У 1926 годзе ён напісаў вялікі верш «Царскія дары» – як маскоўскі цар «раздаваў» народам іх землі, а наўзамен за такую ласку забіраў усе багацці з тых земляў, а таксама іх дзяцей у сваё войска. Нягледзячы на пазнаку «(З мінулага)», гаворка ідзе пра СССР. Бо расійскі цар, у адрозненне ад Сталіна, не спрабаваў ствараць бачнасць, што ў паняволеных народаў ёсць нацыянальныя правы.

На калектывізацыю паэт адгукнуўся вершам «Сыходзіш, вёска, з яснай явы». Верш нібыта мажорны, ухвальны, але паэт не змоў схаваць журбу:

Як сон маркотны, нежаданы,
Сыходзіш, вёска, з яснай явы,
А твой народ вернападданы
Імкнецца, скінуўшы кайданы,
Да новай долі, новай славы…

Сучаснікі звярталі ўвагу на незвычайную 5-радковую страфу. Купала ў прыватнай размове казаў, што «калісьці напісаў на такі лад адзін верш, і цяпер ён мне прыпомніўся». У Купалавай паэзіі такі верш знайшоўся толькі адзін – «У ночным царстве», складзены ў час жорсткіх рэпрэсій пасля рэвалюцыі 1905 года:

Скрыпяць трухляцінай асіны,
Над курганамі звяр’ё вые…
Гасцінцам, церневай пуцінай,
У ёрмах, скованы, скацінай
Ідуць нябожчыкі жывыя.

Цікава, што ён «прыпомніўся» паэту ў сувязі з калектывізацыяй.

Гарэцкі разарваў адносіны з Купалам і Коласам, калі яны не выступілі супраць рэпрэсій?

Таталітарны ціск мацнеў, пачыналіся адкрытыя рэпрэсіі супраць «нацдэмаў» – дзеячаў культуры. Купала мусіў публічна каяцца за свае ранейшыя вершы і п’есу «Тутэйшыя» – у ёй была карыкатурна паказана бальшавіцкая ўлада ў Менску 1918-га.

Антон Адамовіч у сваёй працы «Супраціў саветызацыі ў беларускай літаратуры (1917–1957)» піша, што ў той самы час пісьменнік Максім Гарэцкі звярнуўся да Купалы і Коласа з заклікам скласці ліст пратэсту і адмовіцца ад звання Народных пісьменнікаў. Колас адразу не пагадзіўся ў гэтым удзельнічаць. Купала ж загарэўся, але жонка пераканала яго перадумаць. Тады Гарэцкі адаслаў ім усе кнігі з аўтографамі і разарваў стасункі. Купала глыбока гэта перажываў. І, відаць, праз гэта пераклаў паэму польскага паэта Бранеўскага пра крывавы разгром Парыжскай камуны – гэта таксама выклікала асацыяцыі з падзеямі ў Беларусі пачатку 1930-х.

Калі фабрыкавалася справа «Саюза вызвалення Беларусі», на чале выдуманай арганізацыі ГПУ хацела паставіць Купалу. Прыйшоўшы пасля допыту дадому, ён уткнуў сабе ў жывот нож. Але паэта ўдалося ўратаваць – прывялі доктара, пасля адвезлі Купалу ў бальніцу. Мастак Ціхановіч казаў, што каля Купалавага бальнічнага ложка за шырмай сядзеў чэкіст.

Пасля гэтага ад Купалы трохі адчапіліся. Ён удзельнічаў у складанні ліста «вялікаму Сталіну ад беларускага народа». («Наўрад ці ён надта стараўся, але і адмовіцца было немагчыма», – казала мастачка Вільгельміна Галубок, якая той ліст афармляла.) Напісаў «Ляўкоўскі цыкл», прасавецкія паэмы «Безназоўнае», «Летапіснае» – апошняя, іранізаваў Адамовіч, «расчуліла нават суровага Бэнду». А ў 1942-м Купала загінуў, упаўшы ў леснічны пралёт гатэля «Масква». Прычыны яго гібелі дагэтуль няясныя.

Вестыбюль гатэля «Масква», дзе загінуў Янка Купала.

Вестыбюль гатэля «Масква», дзе загінуў Купала.

Янку Купалу і Якуба Коласа было немагчыма падмануць бальшавіцкай рыторыкай пра роўнасць і «права нацый на самавызначэнне». Яны выраслі «ў ланцугах пад царам» і разумелі, што савецкая Расія – працяг імперыі з той самай русіфікацыяй, прыгнётам і бяспраўем паняволеных народаў.

 

#Беларусь
поделиться
СЕЙЧАС НА ГЛАВНОЙ

Редакция: editor@citydog.io
Афиша: editor@citydog.io
Реклама: editor@citydog.io

Перепечатка материалов CityDog возможна только с письменного разрешения редакции.
Подробности здесь.

Нашли ошибку? Ctrl+Enter