Выбралі для вас пяць мастацкіх з’яў, якія сваёй важнасцю для беларусаў выходзяць за межы мастацтва. Але на іх значэнне і ўнікальнасць часам не звяртаюць увагі. Падумайце: як бы вы дапоўнілі гэты спіс?
У вас не бывала ўражання, што ў школе на ўроках гісторыі нам расказваюць не ўсё? У рубрыцы «Наша ўсё» мы актуалізуем школьныя веды плюс даём больш інфы, дэталей і акцэнтаў.
ВАЖНА: нашы тэксты можна (і трэба!) выкарыстоўваць, рыхтуючы рэфераты і даклады.
«Купалінка»: песня, якую ведаюць усе беларусы
«Купалінка» лічыцца народнай. Тым часам яна была напісана ў 1920-я: музыка – кампазітар Уладзімір Тэраўскі, які яшчэ напісаў музыку да беларускіх гімнаў «Мы выйдзем шчыльнымі радамі» і «Адвеку мы спалі»; словы – паэт Міхась Чарот, аўтар паэмы «Босыя на вогнішчы» і сцэнарыя да першага ў гісторыі беларускага мастацкага фільма «Лясная быль».
Пра сюжэт чаго толькі не пісалі: што Купаліна – гэта жанчына, якая адправіла дачку на праполку, што «дзе твая дочка?» пытаецца ў яе святар, які ходзіць і правярае, каб ніхто не святкаваў паганскія святы…
Насамрэч загадкі няма: Купалінка – гэта купальская ноч, «цёмная ночка». Купалёнкай, Купалінкай, Купальняй гэту ноч называлі яшчэ нашы бабулі. А вось пра «дочку Купалінкі» зараз раскажам.
Менск, 1920 год, па вуліцы ідзе дзяўчына, насустрач хлопец у вышыванцы: «Ой, якая прыгожая ў вас вышыванка, прадайце нашаму хору!» Так пазнаёміліся 17-гадовая Алеся Александровіч, любімая спявачка Янкі Купалы, «непараўнальнае дзявочае абаянне і лірычнае сапрана», і 24-гадовы паэт Міхась Чарот.
![](https://stat2.city-dog.by/content/editor_images/2025/02_february/11_37833/01.jpg)
18-гадовая Алеся Александровіч. 1922 год.
![](https://stat2.city-dog.by/content/editor_images/2025/02_february/11_37833/02.jpg)
З мужам Міхаілам Марозам.
![](https://stat2.city-dog.by/content/editor_images/2025/02_february/11_37833/0004.jpg)
Міхась Чарот у 1920-я.
Каб пазнаёміцца бліжэй, паэт уліўся ў хор «Беларускай хаткі», пачаў праводзіць Алесю дадому, на вуліцу Маладзечанскую (за царквой Марыі Магдалены).
Разам з менскімі артыстамі Чарот паехаў у Ждановічы святкаваць Купалле: падглядаў, як Алеся купаецца ў Свіслачы («яна свяцілася, як фарэль», – расказваў ён сябрам). А калі па традыцыі дзяўчаты скакалі праз вогнішча, а хлопцы за імі беглі, пагнаўся за Алесяй. Без поспеху.
Апошняй спробай дабіцца ўзаемнасці стаў мюзікл «На Купалле»: Чарот напісаў п’есу, якую больш за 400 разоў паказалі на сцэне Беларускага дзяржаўнага тэатра-1 (колішняя назва Купалаўскага). Галоўную ролю выконвала – ніколі не здагадаецеся – Алеся Александровіч. А «Купалінка» была адной з партый яе гераіні (якую таксама звалі Алеся).
Музыку да мюзікла стварыў кампазітар Тэраўскі, які быў яшчэ кіраўніком хору ў клубе «Беларуская хатка» і суседам Алесі па Старажоўцы. Яе стасункі з Чаротам развіваліся на яго вачах.
Поспех мюзікла, здавалася, даў пары шанц. На хвалі поспеху трупу запрасілі з гастролямі ў Маскву, Чарота там узнагароджвалі ордэнам. Арганізацыяй займалася прадстаўніцтва БССР у Маскве. На банкеце ў гонар Чарота кіраўнік прадстаўніцтва, фактычна пасол савецкай Беларусі Міхась Мароз раптам зрабіў Алесі прапанову, а яна пагадзілася.
Чарота расстралялі ў 1937-м, Тэраўскага– у 1938-м, Мароза арыштавалі ў 1937-м, і ён прапаў без вестак у Магадане. Алеся памерла ў 1947-м у 43 гады.
З усяго мюзікла да нас дайшла адна песня. Калі аўтараў расстралялі і іх прозвішча стала нельга пісаць у песенніках, «Купалінку» пазначалі як «народная». Людзі ў гэта лёгка паверылі.
Крыж Еўфрасінні Полацкай: святыня, якую трэба вярнуць
Крыж Еўфрасінні Полацкай – самы магутны па сімволіцы і значэнні беларускі гістарычны артэфакт.
Гэта святыня ва ўсіх сэнсах, крыж яднае ўсіх беларусаў, не выклікае спрэчак і розначытанняў. Яго трымала ў руках першая беларуская святая, унучка полацкага князя Усяслава Чарадзея.
Што ж ён такое? Гэты напрастольны крыж Спасаўскай царквы (гэта царква захавалася з унікальнымі фрэскамі 12-га стагоддзя) Еўфрасіння замовіла ў полацкага майстра-злотніка Лазара Богшы. Крыж зроблены з кіпарысу, абшыты залатымі і срэбранымі пласцінкамі з выціснутымі на іх выявамі святых. Кожны абразок падпісаны па-грэчаску ці па-славянску. Крыж аздоблены каштоўнымі камянямі і жэмчугам. Ён немаленькі, паўметра вышынёй, 21 см у шырыню.
Крыж Еўфрасінні Полацкай. Фота 1896 года.
Як было прынята ў тыя часы, у крыж уклалі мошчы святых, кроплі крыві Хрыста і кавалкі Яго крыжа, камень з грабніцы Божай Маці. Артэфакты даслаў на просьбу Еўфрасінні візантыйскі імператар.
Крыж падзяляў з беларусамі нягоды гісторыі: у часы захопніцкіх войнаў яго вывозілі ў Маскву як трафей, назад у Полацк ён трапіў разам з Іванам Жахлівым (прымхлівы цар верыў, што крыж дапамог яму захапіць горад), ад праваслаўных разам з Сафійскім саборам крыж перайшоў да ўніятаў, у час напалеонаўскага нашэсця яго ўмуроўвалі ў сцяну, у часы БССР ён ляжаў у мінскім і магілёўскім музеях і знік напачатку вайны разам з іншымі беларускімі скарбамі.
Шукаюць дагэтуль – версіі блытаныя. Ускладняе сітуацыю тое, што ў Сярэднявеччы ў Смаленску з крыжа зрабілі копію (каб не мачыць арыгінал у вадзе на Вадохрышча). Ёсць версія, што сапраўдны крыж Еўфрасінні бальшавікі ў 1920-я прадалі на Захад і ён трапіў у калекцыю амерыканскага мільярдэра. А знікла ў 1940-я сярэднявечная копія.
У 1990-я мастак Аляксей Кузьміч на замову Беларускай праваслаўнай царквы зрабіў копію крыжа. Гэта поўны адпаведнік зніклага – з усімі тымі ж мошчамі і артэфактамі.
Гісторык Сяргей Тарасаў лічыць, што крыж Еўфрасінні знаходзіцца пад Масквой, у Загорску, у Троіца-Сергіевай лаўры. Ён адзначае, што Слуцкае Евангелле 16-га стагоддзя, якое прапала разам з крыжам, «усплыло» ў 2003 годзе – экзарх Філарэт сказаў, што яго «перадала невядомая прыхаджанка».
Ускосны доказ быў атрыманы і падчас стварэння крыжа, расказвае Тарасаў. Кузьмічу не хапала «кроплі крыві» Хрыста, і тагачасны беларускі мітрапаліт Філарэт дамовіўся «адшчыкнуць» яе частачку ад чагосьці ў Загорску. Ад чаго? Толькі ад сапраўднага крыжа Еўфрасінні, упэўнены гісторык.
Тарасаў мяркуе, што крыж ляжыць у лаўры ў такім месцы, куды звычайны чалавек не трапіць, і быў сярод каштоўнасцей, якія Сталін пагадзіўся перадаць праваслаўнай царкве за падтрымку ў часе вайны.
Пазітыўна, што крыж можа быць цэлы, і ёсць надзея вярнуць на радзіму гэту ўнікальную святыню.
Батлейка: першае беларускае маскультурнае шоу
Батлейка вядомая ад 16-га стагоддзя. Яна была першай праявай уласнай масавай культуры беларусаў. Гэты народны тэатр, як і тэатры суседскія, паходзіць ад заходнееўрапейскіх містэрый, але толькі ў нас батлейка стала сімвалам і падмуркам нацыянальнага будаўніцтва.
Гэтыя спектаклі рабілі вучні езуіцкіх і піярскіх калегіумаў. Спектаклі былі па-беларуску, іх паказвалі на фэстах і кірмашах.
«Менск часоў майго хлапцоўства чуць пачаў выходзіць з рамак захалуснага губернскага горада. Каляды, Вялікдзень, Новы год святкавалі, як бы кажучы, усенародна, цэлы горад быў настроены на радасны тон, – успамінаў першы рэдактар «Нашай Нівы» Аляксандр Уласаў канец 1880-х. – Мы, шкаляры, чакалі Каляды як збавення. Былі ў поўным ходзе батлейкі. На рагах вуліц стаялі вечарам з чырвонай лятарняй на версе батлейкі на санках. Не было такога дома, куды б не зазывалі батлейку. Пад музыку на сцэну выходзілі чорт, смерць, жыд, цар Ірад, цыганка, доктар (яго рабілі падобнага на папулярнага доктара Шпакоўскага), пан, казакі, студэнт, а пад канец Антон з казой: Антон казу вядзе, Антоніха паганяе... I герой вечара Мацей-Пацей. Расказывацель устаўляў у вусны Мацея столькі беларускага простанароднага гумару, што публіка душылася ад смеху».
Да канца 19-га стагоддзя ў Менску з’явіліся свае прафесіяналы вулічнага тэатра: «Быў цэлы цэх батлейшчыкаў з менскіх шаўцоў. Потым нейкі паліцмайстар забараніў батлейшчыкаў. Яго можна паставіць разам з нядобрай памяці Герастратам. У якой Англіі, напэўна, кожны лічыў бы нацыянальным гонарам падтрымліваць і захоўваць пекную традыцыю. Але людское тугагалоўе бываець ва ўсе часы шкадлівае і не мае граніц».
Уласаў апісвае, як у час Першай сусветнай, у 1915 годзе, арганізоўваў у Менску батлейку. Было гэта ў рэдакцыях беларускіх часопісаў у Траецкім прадмесці пры вуліцы Багдановіча. «Колькі дзён пацягаўшыся па ўскраінах Менска, я адкапаў старых батлейшчыкаў шаўца Мядзіцкага і расказывацеля шаўца Муравіцкага, каторыя і батлейкавалі ў рэдакцыі нядзелі тры. Музыканты былі таксама шаўцы. Пры гэтым, пашукаўшы, я недзе спаткаў старэнькую мадыстку для лялек батлейкі, каторая з гэтага некалі жыла. Традыцыя вымагала, каб усе вопраткі былі нязменна старасвецкага фасону».
У чым сакрэт народнай любові да батлейкі? Не апошнюю ролю грае вечны сюжэт: злосны цар-самадур і смерць, якая вяршыць вечную справядлівасць.
![](https://stat2.city-dog.by/content/editor_images/2025/02_february/11_37833/06.jpeg)
Народны вулічны тэатр вядомы ва ўсёй Еўропе. Але ў Беларусі ён атрымаў уласную назву (ад горада Віфлеем (Бэтлеем), месца нараджэння Хрыста), сваіх герояў і свае сюжэты.
Восеньскія песні: мантры, каб справіцца з дэпрэсіяй
Беларусы – адзіны народ, у каго такія песні ёсць. Даследчык Арсень Ліс налічыў іх каля 250. Восеньскія песні спявалі падчас нудных работ: жніва, выбірання лёну і канопляў, шаткавання капусты… Але гэта былі песні не пра работу, а пра лёс. І нават не зусім песні.
У іх адбіваліся перажыванні дзяўчыны і бацькоў пра будучае замужжа – на мяжы восені і зімы пачыналася пара вяселляў. Ад’езд з бацькоўскага дому нас цяпер амаль не пужае, але песні пра раставанне з бацькамі якраз успрымаюцца вельмі сучасна.
Бярозка з лістком усю восень шумела:
– Мой ты лісточак, мой зялёненькі, як мы расстанёмся?
– Не бойся, бяроза, цябе не пакіну:
Цяпер ападу, вясною прыду, з табой шумець буду.
Матулька з дачкой усю ноч гаварыла:
– Мая дачушка, мая родная, як жа мы расстанёмся?..
Але гаворка ў песнях не толькі пра вяселле.
«Мядзведзь рыкае, дзевак пужае» – радок самай вядомай. І працяг: «Рыкай не рыкай – я не баюся». Медытатыўныя, поўныя страху будучыні – відавочна, яны, як мантры, спяваліся, каб будучыню залагодзіць ці хаця б прыняць.
![](https://stat2.city-dog.by/content/editor_images/2025/02_february/11_37833/010.jpeg)
Фота дзяўчыны з-пад Валожына. Бенедыкт Тышкевіч, пачатак 20-га стагоддзя.
Гэта тэрапеўтычныя песні, каб справіцца з восеньскай дэпрэсіяй, са страхам памірання, са страхам перамен. Пры ўсім гэтым, кажуць музыказнаўцы, «у восеньскіх песнях не адчуваецца жалобнага настрою, яны сведчаць, хутчэй, аб мудрым прызнанні непазбежнасці жыцця».
Маляваныя дываны: ад беднасці беларусы стварылі культурнае дасягненне
![](https://stat2.city-dog.by/content/editor_images/2025/02_february/11_37833/09.jpeg)
Пасля адмены прыгону сяляне пачалі аднаўляць пачуццё ўласнай годнасці і з большай павагай ставіцца да свайго побыту. Будаваць большыя хаты з большымі вокнамі, аздабляць іх разьбой – бо адчулі сябе людзьмі, роўнымі панам. У палацах віселі габелены, у шляхецкіх сядзібах – карціны. Маляваныя дываны вядомыя з канца 19-а стагоддзя. Льняное палатно фарбавалі ў чорнае, малявалі і штампавалі выяву драўлянымі штампамі з фарбай. Простая і танная тэхналогія – і разам з тым эстэтычны выгляд: чорныя палотны з каляровымі плямамі нібы ўносяць у ноч, у сны, у космас.
![](https://stat2.city-dog.by/content/editor_images/2025/02_february/11_37833/signal-2025-02-11-102332_008.jpeg)
У Заслаўі пад Мінскам ёсць музей маляваных дываноў. Фота: Realt.by.
Другая хваля моды на маляваныя (набіваныя) дываны прыйшла ў 1940–1950-я, у час пасляваеннай нішчымніцы. Акрамя гэтага імкнення да прыгожага – сярод папялішчаў – была яшчэ і псіхалагічная кампенсацыя за перажытыя стрэсы і страты. Маляваныя дываны – прыклад таго, як са сваёй бяды і беднасці беларусы могуць зрабіць культурнае дасягненне. Як, страціўшы ўсё, вяртаць радасць жыцця.
Два найвядомейшыя аўтары – Язэп Драздовіч і Алена Кіш. Драздовіч зрабіў маляванне дываноў спосабам заробку: хадзіў з вёскі ў вёску і маляваў за ежу і чарку (у гэтым бадзянні ён і памёр у 1954 годзе; праўда, дзякуючы такому жыццю гэты дзеяч нацыянальнага руху пазбег арышту і лагера, дзе пабывалі ўсе яго калегі ды сябры). Але таксама Драздовіч безумоўна бачыў у дыванах адзін з жанраў беларускага мастацтва і ўкладаўся ў яго распрацоўку.
Алена Кіш – мастачка са Случчыны, якая стварыла ўнікальны стыль: яркія, гучныя фарбы, абведзеныя чорным контурам фігуры, рай з жоўтымі львамі… Кіш была самотным чалавекам, чыю глыбіню не разумелі. Боль ад жыцця быў такі вялікі, што ў 60 гадоў мастачка ўтапілася.
![](https://stat2.city-dog.by/content/editor_images/2025/02_february/11_37833/signal-2025-02-11-102332_009.jpeg)
Самая вядомая праца Алены Кіш – вы, канечне, яе бачылі.
Раней ці пазней свет будзе захапляцца яе дыванамі. Творчасць украінскай мастачкі Марыі Прымачэнка ўжо дачакалася сусветнага прызнання, і паўплывала не толькі вайна: наіўнае, народнае мастацтва стала сусветным трэндам. Вакол яго будуецца, напрыклад, апошняя Венецыянская біенале: нечакана ў наіўным пабачылі адкрыццё.
«Дываны Алены Кіш выклікаюць такі ж спектр эмоцый, як і сучаснае мастацтва. Яна разбурыла мур паміж дэкаратыўным наіўным мастацтвам і сучасным», – кажа мастак Максім Осіпаў.
Сам ён малюе дываны, але не пастаральныя: «Мае дываны – абарончага тыпу: праз іх я спрабую не звар’яцець і бараню тое, што мне важна». Памятаеце Гадзілу ў вышыванцы?
Мастацтва сапраўднае, калі яно не застывае ў музеях, а ўвесь час працуе і пераасэнсоўваецца.