Фота: асабісты архіў герояў.

Беларусы паехалі ў Марока на аўтадоме 1985 года – і захраслі там. Вось што з імі адбываецца

Фота: асабісты архіў герояў.

Пра Ягора, Дашу і іх аўтадом мы ўжо пісалі: некалькі гадоў таму яны чатыры месяцы калясілі вакол Чорнага мора на фургоне 1985 года, які самі ператварылі ў дом на колах. За гэты час фургон стаў вышэйшым і зручнейшым, кіламетраў стала больш, а самі яны цяпер падарожнічаюць па Марока і робяць дадатак для такіх жа падарожнікаў.

мы здесь

– За гэтыя чатыры гады мы зразумелі, што «качавы» стыль жыцця нам вельмі падабаецца. Але пасля паездкі вакол Чорнага мора стала ясна, што наш аўтадом больш падыходзіць для адпачынку на месяц ці два, але дакладна не для пастаяннага жыцця. У яго быў нізкі дах, і знаходзіцца ў такім фургоне круглы год даволі цяжка.

Калі мы вярнуліся з таго падарожжа, пачалі думаць, што рабіць з аўтадомам далей. Паставілі яго на паркоўцы пад домам – і нас абрабавалі. Вынеслі ўсё, што можна было: інструменты, кемпінгавыя крэслы і стол, акумулятары, роўтар, пліту, помпы для вады, частку праводкі. Усё, што не было прыкручана, забралі. Усё, што было прыкручана, адкруцілі і таксама забралі. Скралі нават маленькую дэкаратыўную гумовую качачку, якую нам падарыў сябар, калі мы выязджалі з Беларусі.

Пара, которая путешествует на автодоме.

Ягор і Даша. Фото: асабіты архіў.

Тады нас моцна накрыла. Хтосьці вельмі дакладна сказаў: у такі момант ты шкадуеш не пра рэчы, якія скралі, а пра адчуванне бяспекі, якое ў цябе забралі. Раней мы маглі спакойна пакінуць машыну з адчыненымі вокнамі на выпадковай запраўцы ў Стамбуле і пайсці гуляць па горадзе. Цяпер, калі выходзім з аўтадома, зачыняем яго на ўсе замкі і абавязкова ўключаем камеры і ўнутры, і звонку. Але ранейшага адчування бяспекі ўсё роўна няма.

Пасля рабавання мы пачалі думаць, што рабіць далей. Нізкі дах нас ужо не задавальняў, але і страчваць саму машыну не хацелася. Мы думалі купіць новы аўтадом, але ў яго ўжо не было б той ідэнтычнасці і рэтра-стылю, як у нашага.

У выніку ў Брэсце знайшоўся высокі дах за 500 долараў, і мы пачалі цалкам перарабляць унутраную частку машыны пад новую вышыню. Пачалі прыкладна ў канцы лютага, калі скончыліся дажджы, а скончылі, здаецца, у маі. Працавалі кожны дзень: выходзілі а 8-й раніцы і вярталіся дадому каля 9-й вечара.

Автодом внутри. Автодом внутри.

Як цяпер выглядае аўтадом?

– Пасля рамонту ў нас з’явілася паўнавартасная духоўка, газавая пліта на чатыры канфоркі, засталіся душ і туалет. Ложак мы перанеслі наверх і фактычна зрабілі другі паверх. Дзякуючы гэтаму ўнізе вызвалілася месца, і мы дадалі там паліцы для захоўвання.

Кабіна спераду закрываецца шторкай, і, калі яе завесіць, з’яўляецца адчуванне, што ты знаходзішся ў звычайным маленькім пакоі, а не ў машыне. Для нас дваіх і маленькага сабакі месца хапае. У нас два працоўныя месцы: адно зверху, другое на першым «паверсе». Мы адно аднаму не перашкаджаем. Спальнае месца вялікае, кухня таксама атрымалася прасторная, душ – у поўны рост. Зверху на даху стаіць сонечная панэль.

Плюс у нас цяпер ёсць маркіза – высоўны навес. Калі мы надоўга спыняемся ў лесе і надвор’е дазваляе, раскладваем столік і крэслы – так у нас з’яўляецца нібыта яшчэ адзін пакой на вуліцы.

Калі людзі кажуць, што ў аўтадоме мала месца і незразумела, як там можна жыць, нам здаецца, што галоўнае – змяніць мысленне. Не ўспрымаць аўтадом як кватэру, а хутчэй як вялікі пакой, у якім ты праводзіш частку часу. А твой дом – гэта ўвесь свет. Калі пачынаеш так думаць, інакш ставішся да ўсяго вакол: сочыш за месцам, дзе жывеш, прыбіраеш смецце, якое пакінулі іншыя, і мацней адчуваеш сувязь з тым, што цябе акружае.

Автодом на дороге. Вид из автодома на древний город из песка.

Адзін з новых праектаў рабят – дадатак, які дапамагае складаць маршруты для падарожжаў

– Апошнія месяцы мы працуем над дадаткам Hiddenly, які дапамагае збіраць маршруты для падарожжаў. Ідэя з’явілася з нашай жа праблемы: мы пастаянна шукалі цікавыя месцы ў TikTok, Instagram або даведваліся пра іх ад іншых ванлайфераў, а потым уручную пераносілі ўсё ў Google-карту. Гэта быў вельмі доўгі і нязручны працэс: адкрыць відэа, знайсці назву, адшукаць пункт на карце, дадаць яго, часам прымацаваць спасылку. А праз год адкрываеш карту, бачыш подпіс кшталту «ахрэненнае месца, дакладна едзем» – і ўжо не разумееш, што гэта ўвогуле было.

Так і з’явілася ідэя зрабіць агульную карту, куды карыстальнікі змогуць дадаваць незвычайныя месцы: прыродныя лакацыі, закінутыя будынкі, маленькія музеі – усё, што складана знайсці ў звычайных турыстычных падборках. Цяпер у Hiddenly можна, напрыклад, адправіць Reels з Instagram, а дадатак сам паспрабуе знайсці гэта месца і пакажа, ці ёсць яно ўжо на карце. Калі няма – прапануе дадаць, калі ёсць – можна захаваць сабе ў падборку.

Google Maps для гэтага не вельмі падыходзіць: гэта хутчэй навігацыя, і яна моцна перагружана. Пішаш «славутасці», а табе могуць паказаць умоўны помнік Леніну або «танк на кальцы».

Яшчэ хочацца, каб дадатак дапамагаў будаваць маршрут. Напрыклад, ты пазначаеш, на колькі кіламетраў гатовы адхіліцца ад дарогі, а ён паказвае цікавыя месцы побач. Далей можна выбраць фільтры. Ёсць нават свайп, як у Tinder: падабаецца – не падабаецца. У выніку збіраеш маршрут і едзеш.

Пакуль дадатак яшчэ дапрацоўваецца. Мы ўжо тэсціруем яго ў рэальным жыцці і знаходзім багі. Яшчэ стала зразумела, што патрэбная падтрымка афлайн-карт: у Еўропе з інтэрнэтам звычайна прасцей, а ў Марока трафік дарагі, і без афлайну дадатак можа проста не загрузіцца ў патрэбны момант.

Интерфейс приложения Hiddenly для путешественников.Интерфейс приложения Hiddenly для путешественников.

Так выглядае інтэрфейс дадатку, над якім працуюць рабяты.

Марока: тут нашмат танней рамантаваць аўтамабілі

– Цяпер мы ў Марока. Прыехалі сюды не толькі падарожнічаць, але і рамантаваць рухавік: яшчэ на выездзе з Варшавы ён пачаў «есці» масла, прычым вельмі нестабільна. Мы думалі, што зробім лёгкі рамонт і паедзем далей, таму загадзя закупілі запчасткі ў Польшчы, даставілі іх у Іспанію і прывезлі з сабой.

Але ўжо ў сэрвісе стала зразумела, што лёгкім рамонтам не абысціся. Калі рухавік разабралі, аказалася, што аднаўляць там амаль няма чаго. Мы разлічвалі правесці ў рамонце тры дні і далей паехаць па Афрыцы, але замест гэтага прыйшлося прызнаць: калі працягнуць шлях са старым рухавіком, вельмі хутка нам спатрэбіцца эвакуатар. Таму пачалі шукаць замену.

Паралельна вырашылі перафарбаваць фургон. У верасні мы трапілі ў аварыю ў Варшаве: чалавек заснуў за рулём, вылецеў на сустрэчную паласу, зачапіў нас і разбіў яшчэ адну машыну. Усе засталіся жывыя, а аўтадом пацярпеў не моцна – драпіна праз увесь бок, прабітае кола і невялікія ўвагнутасці. Але потым пайшла іржа, і, раз ужо мы затрымаліся ў Марока з рамонтам, вырашылі заадно і пафарбавацца.

З рухавіком таксама ўсё аказалася няпроста. У Марока шмат старых машын, але ў асноўным Mercedes, а ў нас Volkswagen. Патрэбны рухавік знайшлі праз нейкіх знаёмых знаёмых – здаецца, адзіны на ўсё Марока.

У Еўропе з такім рамонтам не атрымалася: у Польшчы сэрвісы або адмаўляліся брацца за працу, або называлі занадта вялікія цэны – напрыклад, каля 5000 долараў толькі за працу. У мараканскім сэрвісе за ўсё мы аддалі прыкладна ўдвая менш. Сам сэрвіс аказаўся вядомым сярод еўрапейскіх падарожнікаў. Гэта вялікі бокс на некалькі машын, дзе ўсе сцены ад падлогі да столі заклееныя налепкамі аўтадамоў. Адразу відаць, што сюды мэтанакіравана едуць людзі з усёй Еўропы.

Автодом. Автодом на фоне горы.

Пра мясцовыя звычкі ў Марока: «Адна з дзіцячых забаў – кідацца камянямі ў турыстаў»

– У Марока я адчуваю сябе максімальна бяспечна, – расказвае Даша. – Магчыма, таму што цяпер мы жывём не ў кемперы, а ў рыядзе – мясцовым гатэлі – у Амара. Яго тут усе ведаюць, таму з намі таксама вітаюцца і адразу разумеюць, адкуль мы. На вуліцы няма адчування, што ў нас могуць нешта забраць ці адабраць. Максімум – падыдуць і будуць настойліва нешта прапаноўваць.

Непрыемны момант быў толькі адзін – з дзецьмі. Я выйшла з крамы, за мной увязаліся два хлопчыкі гадоў дзевяці. Я іх ігнаравала, бо яны ўжо вельмі дасталі сваімі паводзінамі. Потым адчула, што ў мяне прыляцеў камень. Абярнулася – і ўбачыла, як мужчына з крамы адразу пабег да іх разбірацца.

З аднаго боку, такія паводзіны здаюцца недапушчальнымі. У Еўропе ці Беларусі такое складана ўявіць. З іншага – пасля таго, што я тут убачыла, я лепш разумею, чаму дзеці могуць так сябе паводзіць.

Я пасябравала з 14-гадовай дзяўчынкай, і яна запрасіла мяне да сябе дадому. Іх дом літаральна зроблены з пяску і вады. Ложкаў і амаль ніякай мэблі няма: яны спяць на падлозе, на тканіне. Замест кухні – печ, дзе пякуць аладкі. На першым паверсе жывуць куры і авечкі – фактычна людзі дзеляць дом з жывёламі.

Унутры ўсё падобна да мурашніка: вузкія калідоры, нізкія праёмы, няроўныя прыступкі, злепленыя рукамі. Дзяўчынка паказала мне пакой, дзе жыве з мамай і бабуляй. З забаў у яе – вялікая скрынка з фламастарамі, некалькі з іх яна нават падарыла мне. Яшчэ ў галоўным пакоі стаіць стары тэлевізар – амаль як асобная славутасць.

Древний город из песка в Марокко. Два верблюда лежат на песке.

«Людзі могуць цэлымі днямі сядзець на вуліцы, бо ім няма чым заняцца»

– Тут вельмі адчуваецца расслаенне. Хтосьці жыве ў доме без падлогі – проста на пяску. А побач можа сядзець мясцовы хлопец з апошнім iPhone, MacBook і AirPods. Розніца паміж людзьмі велізарная.

Цяпер мы ў Загоры – гэта месца называюць варотамі ў Сахару. Мясцовыя расказваюць, што з працай тут вельмі цяжка. Побач ёсць Уарзазат – горад, дзе раней здымалі шмат фільмаў і серыялаў, напрыклад «Гульню тронаў», «Гладыятара», «Астэрыкса і Абелікса». Там была вялікая студыя з дэкарацыямі пад адкрытым небам, а мясцовыя працавалі ў масоўцы і шмат у чым жылі за кошт кінапрадакшану.

Пасля пандэміі здымак стала менш, а потым, як нам тлумачылі, частку такіх задач пачалі закрываць з дапамогай 3D і штучнага інтэлекту. Фізічныя лакацыі сталі патрэбныя не так часта, і горад пачаў ад гэтага пакутаваць. У Загоры сітуацыя падобная: з чэрвеня па лістапад тут амаль няма турыстаў, стаіць дзікая спёка, працы мала. Людзі могуць цэлымі днямі сядзець на вуліцы – проста таму, што ім няма чым заняцца.

З адукацыяй таксама няпроста. Многія заканчваюць дзевяць класаў і далей не вучацца, бо не бачаць сэнсу: працы ўсё роўна амаль няма.

Умовы для жыцця вельмі спецыфічныя. Тут няма звыклай крамы, дзе можна адразу купіць мяса, гародніну, макарону і ўсё астатняе. Усё асобна: у адной лаўцы мяса, у другой гародніна і садавіна, у трэцяй макарона на вагу. Пры гэтым у Марока нам у цэлым камфортна. Вельмі выцягваюць людзі: ідзеш па вуліцы – цябе ўжо ведаюць, з табой вітаюцца, усе адкрытыя і добрыя.

Пара на фоне древнего собора.

А што далей?

– Цяпер галоўны план – паспець дарабіць аўтадом і выехаць з Марока да заканчэння візы. Фургон яшчэ не пафарбавалі, а электронная віза не падаўжаецца. Мы ўжо хадзілі ў паліцыю, пісалі ў міністэрства, але зразумелага адказу, што рабіць у такой сітуацыі, так і не атрымалі. Да порта ў Танжэры нам ехаць прыкладна тры дні, таму цяпер крыху нервуемся: паспеюць ці не паспеюць?

Калі ўсё атрымаецца, вернемся ў Іспанію і нарэшце закрыем гештальт з Партугаліяй, куды мы не можам даехаць ужо некалькі гадоў. Потым, магчыма, пройдзем шлях Сант’яга. У верасні да нас, хутчэй за ўсё, прыляціць мама, і далей будзем рухацца ў бок Польшчы: здаваць экзамены і вырашаць, што рабіць далей.

Польшча і Варшава для нас застаюцца базай, куды мы перыядычна вяртаемся па справах. Звычайна на гэты час здымаем жыллё: так зручней перадыхнуць, спакойна нешта дарабіць у аўтадоме і разабрацца з усімі пытаннямі. Жыць у аўтадоме ў Польшчы можна, але для такога лайфстайлу гэта не самае зручнае месца.

А далей планаў шмат. Вельмі хочацца праехаць усю Афрыку і дабрацца да Кейптаўна. Адтуль тэарэтычна можна адправіць аўтадом паромам у Паўднёвую Амерыку: машына плыве асобна, ты ляціш самалётам, потым забіраеш яе ўжо на іншым кантыненце і едзеш далей. Яшчэ хочацца пракаціцца па Азіі і калі-небудзь даехаць да Аўстраліі. Гэта такія далёкія планы, што часам нават страшна пра іх думаць. Але мы ведаем: усё будзе.

Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.

Еще по теме:
Рядом с Минском и не только: собрали 8 кемпингов Беларуси, где вы сможете комфортно отдохнуть с палаткой
Днем – кидались бананами и навозом, вечером – читали беларуские стихи в рацию. Эти беларусы проехали почти всю Индию за две недели. Вам тоже захочется!
Наши за границей
Эти беларусы неделю путешествовали по Европе и расплачивались Red Bull. «У нас не было ни телефонов, ни денег»
поделиться