«Адна кансультацыя каштуе 100 еўра». Фінансістка пасля эміграцыі змяніла прафесію і стала зарабляць генеалогіяй. Пачытайце, як самі можаце даведацца пра свае карані

«Адна кансультацыя каштуе 100 еўра». Фінансістка пасля эміграцыі змяніла прафесію і стала зарабляць гене...
Ці ведаеце вы гісторыю сваёй сям’і? А можа, складалі генеалагічнае дрэва? Мінчанка Ганна пераехала ў Літву і зрабіла генеалогію сваёй прафесіяй – пачытайце, як яна прыйшла да гэтага, якія цікавыя кейсы ёй сустракаюцца і як можна самому даведацца больш пра свой род.

Ці ведаеце вы гісторыю сваёй сям’і? А можа, складалі генеалагічнае дрэва? Мінчанка Ганна пераехала ў Літву і зрабіла генеалогію сваёй прафесіяй – пачытайце, як яна прыйшла да гэтага, якія цікавыя кейсы ёй сустракаюцца і як можна самому даведацца больш пра свой род.

Як Ганна прыйшла да генеалогіі: «У эміграцыі прыйшлося шукаць сабе новы занятак – ну, ці ён знайшоў мяне сам»

– Па адукацыі я фінансістка, адпрацавала па спецыяльнасці 10 гадоў, але па асабістых абставінах мая кар’ера фінансавага аналітыка спынілася, і мне давялося шукаць сябе ў новых занятках. Але гэта спачатку была зусім не генеалогія.

Я нарадзіла дзіця, а калі яму было трохі больш за два гады, захварэла на анкалогію і доўга лячылася. Падчас лекавання пачала маляваць, засвоіла акварэль і digital, потым працавала па замовах і на анлайн-біржах ілюстратаркай. На жаль, жаданне маляваць адрэзала адначасова з эміграцыяй, таму прыйшлося шукаць сабе новы занятак – ну, ці ён знайшоў мяне сам.

Што стала пачаткам: «Я знайшла адказы на два пытанні сямейнай гісторыі і прапанавала свае паслугі іншым людзям»

– У маёй сямейнай гісторыі былі дзве траўмы: першая пра тое, што падчас масавай эміграцыі беларусаў за мяжу ў пачатку 20-га стагоддзя недзе ў Амерыцы згубіўся брат майго прадзеда, і ўсе кантакты з ім былі страчаны. А другая – што майго прадзеда па іншай лініі рэпрэсавалі ў 1937-м, і ніхто не ведаў, што з ім сталася. З цягам часу мне стала жыццёва важна адказаць на гэтыя пытанні. Калі я знайшла тое, што хацела (у першым выпадку – жывых сваякоў у ЗША, а ў другім – здабыла дакументы пра расстрэл прадзеда з архіва КДБ), я зразумела, што і іншым людзям патрэбныя адказы на падобныя пытанні. Паступова да мяне сталі звяртацца людзі, і я пачала ім дапамагаць.

Спачатку гэта быў даволі вялы ручаёк ад знаёмых. Аднойчы адна з іх запрасіла мяне ў Facebook-групу пра беларускія карані амерыканскіх эмігрантаў. Я напісала там пост-знаёмства з прапановай маіх паслуг, за два дні яго адкаментавалі каля 100 чалавек, я амаль не спала, але ўсім адказала і тады набрала даволі шмат кліентаў. А далей завярцелася.

Як зарабляць на генеалогіі: «Кансультацыя каштуе каля 100 еўра»

– Як і ў любой прафесіі, на гэтым можна і трэба зарабляць! Жыццё мяне навучыла, што людзі не цэняць бескарыснае. Карысць з’яўляецца тады, калі яны гатовыя аддаць грошы (часам даволі вялікія) за рашэнне свайго болю. Мая мэта ў гэтым – прафесійна і з павагай аказаць дапамогу. Цяпер я нядрэнна зарабляю, але стаўлю перад сабой мэту зарабляць яшчэ больш, я ж у першую чаргу фінансістка!

Звычайна я разлічваю кошт пад запыт. Але трэба падрыхтавацца і прыняць той факт, што гэта нятаннае задавальненне. Я ўкладаю грошы ў сваё развіццё, набываю кнігі, наведваю генеалагічныя канферэнцыі, гэта павінна акупацца. Але кожны можа паспрабаваць і сам ці ўзяць у мяне толькі кансультацыю. Кансультацыя каштуе каля 100 еўра.

З якімі запытамі звяртаюцца людзі: «Часты запыт – пошук дакументаў аб літоўскім грамадзянстве продкаў, аб рэпрэсіях і дэпартацыі з боку Саветаў»

– Паколькі я ў Літве, то часты запыт да мяне – пошук дакументаў аб літоўскім грамадзянстве продкаў, аб рэпрэсіях і дэпартацыі з боку Саветаў. Я разумею, што гэты пошук носіць чыста практычны характар, і не асуджаю. Але працаваць больш люблю з тымі, хто неабыякавы да сваіх беларускіх каранёў.

Для мяне ўсё кейсы кліентаў цікавыя, кожны мне як родны. Больш люблю, канешне, тыя, якія патрабуюць як мага больш закапацца ў архівы. З любімага – напэўна, самы доўгі мой кейс (працую над ім тры гады), калі мы з кліенткай ведалі толькі імя яе бабулі, а ўрэшце дакапаліся да 1594 года.

Фэйлы здараюцца, мне балюча ўспамінаць некаторыя раннія кейсы, але я праўда намагалася... Я амаль не працую з Усходняй Беларуссю, там вельмі дрэнна захаваліся метрычныя кнігі (царкоўныя запісы), да таго ж з-за блізкасці з Расіяй шмат дзе адсутнічалі прозвішчы. Мой профіль – Заходняя Беларусь і Літва. Па гэтай тэрыторыі не бывае – ці пакуль не было – абсалютных тупікоў, у мяне заўсёды ёсць розныя казыры з крыніц. Таксама генеалогія не стаіць на месцы, з’яўляюцца новыя базы. Маім даўнім кліентам са мной шанцуе: я пачынаю прабівать гэтыя базы з іх пошукавых прозвішчаў і часам знаходжу новыя крыніцы, і мы можам працягнуць пошук нават праз некалькі гадоў пасля.

Да таго ж я чалавек і даю сабе права памыляцца. Бывала, што я папраўляла памылкі пошуку пасля вядомых генеалогаў. Можа, нехта і пасля мяне паправіць, калі што.

Сямейная гісторыя Ганны: «Мая сям’я ўжо больш за 200 гадоў носіць не сваё прозвішча»

– Я магу расказваць пра свае сямейныя байкі вельмі доўга! З апошняга – я нядаўна даведалася, што бацькоўскае прозвішча, якое я з гонарам нашу, засталося нашаму далёкаму продку (канца 18-га стагоддзя) ад чалавека, які забраў у свой двор хлопца-сірату на гадаванне. То бок мы ўжо больш за 200 гадоў носім не сваё прозвішча, а прозвішча гэтага добрага чалавека.

Цікавы кейс з гісторыі: чалавек шукаў дакументы пра нараджэнне сваёй прабабкі – яна магла быць сястрой Тадэвуша Касцюшкі

– Генеалогія патрабуе ад мяне пастаяннага ўдасканалення ведаў, тым больш што я не прафесійны гісторык. Таму я, калі ёсць час, бяру розныя дакументы ў архіве для самаадукацыі. Для мяне архіў – гэта бясконцая скарбонка цудаў (у дзяцінстве я марыла працаваць у бібліятэцы, можна сказаць, што мара збылася). Калі бачу штосьці цікавае ці карыснае, запісваю сабе ў нататнік.

Літаральна на мінулым тыдні знайшла ў архіве цікавае. У Віленскі дэканат прыкладна ў пачатку 20-га стагоддзя напісаў чалавек з Амерыкі, які вельмі падрабязна ў лісце апісаў сваіх продкаў. Па тэксце атрымалася, што яго прабабка – сястра Тадэвушка Касцюшкі (ён апісаў поўнае сваяцтва, назваў імёны бацькоў і месцы нараджэння). Ён хацеў атрымаць выпіс з метрычнай кнігі пра яе нараджэнне, можа, каб падцвердзіць сямейныя легенды.

Але справа ў тым, што факт наяўнасці такой сястры (на дадзены момант) навуцы невядомы. Таму ў мяне закралася думка, што гэты сваяк быў несапраўдны. Я ўжо сутыкалася з тым, як часта любілі падрабляць розныя дакументы, каб атрымаць больш высокі статус у грамадстве. Трэба быць пільнымі з гэтымі нашчадкамі!

Быў яшчэ кліенцкі кейс, калі мне далі прозвішча з трыма памылкамі з эміграцыйных спісаў ЗША, а я, паглядзеўшы фатаграфіі са старых каталіцкіх могілак у горадзе Дзісна, выпадкова трапіла на сапраўднае прозвішча і раскруціла продкаў да старой літоўска-польскай шляхты 17-га стагоддзя. Нават знайшла у Facebook нашчадка ў Польшчы, ён адфоткаў для маёй кліенткі свой сямейны фотаальбом, і яна ўпершыню пабачыла сваіх прадзедаў.

Якім чынам трэба шукаць сваіх продкаў: карысны гайд

– Не ведаю, ці можна гэта расказаць у двух словах, але, калі пачынаеце зусім з нуля, раю спачатку сабраць базу ад сваіх бацькоў і сваякоў (фота, запісы, лісты, успаміны) і ад гэтай базы адлічыць «нулявы кіламетр», з якога вы пачняце свой шлях. У Сеціве процьма ведаў, для мяне карыснымі былі тэлеграм-каналы пра генеалогію. Цяпер у мяне ёсць і свой канал, дзе я шмат пішу на гэту тэму.

Кароткі гайд ад Ганны, як шукаць сваіх продкаў, (падрабязней глядзіце ў хайлайтс «Генеалогія» ў яе інстаграме)

Крок 1. Завядзіце акаўнт на любой з пляцовак: Myheritage.com, Ancestry.com, Geni.com, Familysearch.org.

Крок 2. Збярыце ў дрэва ўсіх сваякоў, якіх зможаце ўспомніць. Папрасіце дапамагчы ў гэтым самых старэйшых у сям’і (бацькоў, бабуль, цётак).

Крок 3. Дадайце ў сваё дрэва ўсіх членаў сям’і (ідэальна – адразу з датамі жыцця) і адпраўце на ўзгадненне са старэйшымі з кожнай галіны. Вывучэнне фамільнага дрэва адбываецца знізу ўверх (гэта значыць, ад апошніх вядомых вам – да іх бацькоў, далей да іх бацькоў і гэтак далей).

Крок 4. Месцы. Адны з самых важных ведаў аб продках – месца іх жыцця. Тэрыторыя нашай краіны шмат разоў мяняла свае межы і адміністрацыйную прыналежнасць, розныя рэгіёны былі ў складзе Польшчы і Расійскай імперыі. Трэба не толькі вызначыць вёскі, дзе жылі вашы продкі, але і скласці табліцу, да якіх дзяржаў і ў які час яны належалі (каб ведаць, да якіх архіваў звяртацца).

Можна шукаць гэту інфармацыю тут: Radzima.net, Helper.archonline.by.

Крок 5. Метрыкі. Дапусцім, вы ўжо ведаеце імя продка, месца яго пражывання і прыкладныя гады жыцця. Цяпер вы ідзяце на сайт Familysearch.org, рэгіструецеся і ў раздзеле «Каталог» знаходзіце ўсе старонкі ў пошуку вашага прозвішча.

Калі ў вас у сям’і былі нестандартныя падзеі (эміграцыя ў Амерыку, дэпартацыя ў працоўныя лагеры падчас Другой cусветнай вайны і г.д.), то іх можна і трэба шукаць у розных базах (часцей за ўсё платна, але ёсць варыянты). Самая буйная база па дакументах аб палонных, сагнаных у лагеры і потым вызваленых: Arolsen-archives.org.

Асобная размова – пра даследаванні, звязаныя з яўрэямі. Напрыклад, можна шукаць у гэтай базе даных: Yvng.yadvashem.org.

Што датычыцца тэстаў ДНК, гэта ўсё камерцыя, але бываюць і ўдачы, калі атрымліваецца па супадзеннях ДНК знайсці родных. Акрамя таго, тэст ДНК можа гадамі ляжаць, а потым як «выбухнуць»!..

Ці можна наогул адшукаць продкаў, калі жывёш за мяжой? «У кожным архіве рэгіёна ў мяне ёсць свой чалавек»

– Канешне, можна! Немагчыма прысутнічаць усюды асабіста, але ў кожным архіве рэгіёна ў мяне ёсць свой чалавек. Генеалогі – гэта банда ці мафія, яны ёсць усюды, варта пасябраваць з імі, бо гэта ўзаемавыгадныя зносіны. Праблема хутчэй у некаторых архівах, якія закрываюцца на гады, але і гэта не моцна мне перашкаджае. Але, калі ёсць такая магчымасць, я рэкамендую праз бацькоў ці іншых сваякоў сабраць дакументы з загса (па-за межамі гэтага не зрабіць).

Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.

Фота на вокладцы: Thérèse Photo, Unsplash.com.

#Минск #Литва #Беларусь #Вильнюс
Еще по теме:
Просто уау! Молодожены к свадьбе создали «Книгу семьи» и реконструировали свадебный венок бабушки – вот что получилось
Гісторыя
«Ну почему мне раньше это никто не рассказывал?!» Минчанка ведет блог о своих предках и собирает невероятные семейные истории
Необычная находка: составляя родословную, немец обнаружил фото своего дедушки в Минске во время Второй мировой войны
Гісторыя
поделиться