Да пераезду ў Францыю Каця (імя зменена) часта наведвала краіну і, здаецца ведала, што яе чакае. Але пасля таго, як беларуска пачала жыць у Парыжы стала, меркаванне пра горад і яго жыхароў перавярнулася. Чаму так адбылося, Каця расказала CityDog.io.
Вывучэнне мовы: «Паверце, я размаўляю па-французску»
– Я вучылася ў адным з польскіх універсітэтаў, і ў межах адукацыі нам трэба было выбраць другую замежную мову. Я падумала, што мяне заўжды прываблівала французская мова, культура і гісторыя.
Так чатыры гады таму я пачала знаёмства з Францыяй. Канешне, напачатку было вельмі складана – само вывучэнне было на англійскай мове, а ў французскай на той момант я нічога не разумела.
Праз час я пазнаёмілася з хлопцам-французам – мы з ім сустракаліся, і аднойчы ён запрасіў мяне прыехаць у Францыю. Краіна мяне вельмі ўзрушыла, але майго ўзроўню мовы не хапала нават каб камунікаваць з людзьмі. Тады я зразумела, што трэба працягваць вывучэнне, хаця б дзеля таго, каб мець магчымасць стасавацца з хлопцам і яго бацькамі.
Я запісалася ў размоўны клуб – дзякуючы яму падцягнула свой узровень мовы. З кожным прыездам у Францыю было ўсё прасцей размаўляць з людзьмі і разумець іх.
У пэўны момант я падумала, што было б класна паступіць у французскі ўніверсітэт на магістратуру. Я выбрала гуманітарны напрамак, здала экзамен валодання мовай на ўзровень В2 і падала дакументы. Смешна, але ў выніку гэты сертыфікат у мяне ніхто так і не спытаў – таму тэхнічна я падала дакументы, наўпрост распісаўшы ў матывацыйным лісце, што я «размаўляю па-французку, паверце мне».
Парыж. Фота: з архіва гераіні.
Навучанне ў парыжскай магістратуры: «Найвышэйшая адзнака – недасягальны ўзровень»
– Мяне залічылі ва ўніверсітэт – і гэта сведчыла пра тое, што я пераязджаю ў Парыж. Вучоба пачалася ў сярэдзіне восені гэтага года, я ўжо нават паспела здаць першую сесію.
Падчас заняткаў я разумею ўсё, што кажуць выкладчыкі, а падчас экзаменаў я спакойна магу накатаць каля шасці старонак разгорнутых адказаў на пытанне. Тыя словы, якія мне незнаёмыя, не разумеюць нават аднагрупнікі-французы – таму мне спакойна. Пасля мы нават можам гэта абмеркаваць, і аднагрупнікі мяне супакойваюць.
Да пераезда ў Францыю я паспела павучыцца ў Беларусі і ў Польшчы. Параўноўваючы адукацыйныя сістэмы, магу сказаць, што прадметаў у нас шмат – і па кожнаму з іх патрабуюць аднолькава сур’ёзнага падыходу і адказнасці.
У Францыі вучняў ацэньваюць па 20-бальнай сістэме. Але максімум, які ты можаш атрымаць, – гэта 18 балаў. На астатнія два балы можна разлічваць толькі ў выпадку, калі ты вучышся на тэхнічнай спецыяльнасці і здаеш тэст. Але экзамены для гуманітарыяў выглядаюць па-іншаму: ты мусіш разгорнута адказаць на пытанне. Адзнака 19-20 лічыцца недасягальным узроўнем – гэта адлюстраванне ідэі таго, што заўсёды можна зрабіць лепш.
Але больш за ўсё мяне здзівіў нават не адукацыйны працэс, а французскія студэнты: яны сапраўдныя трудаголікі. У беларускіх і польскіх студэнтаў не прынята хадзіць у бібліятэкі, каб вучыцца. У Францы бібліятэка – гэта сакральнае месца, дзе студэнты сідзяць увесь час. Аднойчы я вырашыла схадзіць у вялікую трохпавярховую бібліятэку ў адным з цэнтральных раёнаў Парыжа – месца, каб пачытаць кнігу, мне не знайшлося.
Пра адносіны з аднагрупнікамі: «Моладзь увесь час уключана ў парадак дня»
– Не магу сказаць, што мы вельмі блізкі з аднагрупнікамі, але час ад часу можам разам схадзіць у бар. Калі ты хочаш пасябраваць з французамі, то павінен актыўна сябе пазіцыянаваць, раскрывацца наноў і ўдзельнічаць у размове з імі. Скажу шчыра, у мяне на гэта не так шмат рэсурсаў – я рада выбрацца з імі кудысьці разам, але падтрымліваць блізкае сяброўства пакуль не гатова.
Французская моладзь увесь час уключана ў парадак дня. Напрыклад, усе ўніверсітэты абвешаны плакатамі Free Palestine, а ў кожнага студэнта на ноўтбуку будзе стыкер з такім жа надпісам. У Францыі прынята хадзіць на маніфестацыі – гэта частка нармальнага, звычайнага жыцця. Таксама тут вельмі папулярныя студэнцкія асацыяцыі – амаль кожны заангажаваны ў актыўнасць. Напрыклад, можна ўступіць у студэнцкі парламент або займацца раздачай бясплатнай ежы.
Парыжскія вулачкі. Фота: з архіва гераіні.
Па-за студэнцкімі актыўнасцямі магу адзначыць, што французскай моладзі складана зразумець, як гэта – быць мігрантам. Яны не ведаюць, праз што мы праходзім кожны дзень, каб наўпрост адстаяць сваё права на жыццё ў краіне. З-за гэтага яны больш расслабленыя, і гэта, бадай, адно з галоўных адрозненняў французаў ад нас.
Падаецца, яны вельмі закрытыя ў сваім унутраным кантэксце: мала цікавяцца тым, што адбываецца нават у суседняй Германіі. Але разам з думкамі, што іх культура і мова – самыя класныя, існуе віна за каланіялізм. Маўляў, мы павінны падтрымліваць тых, каго раней прыгняталі.
Пра Парыж: «Сапраўдныя парыжане жывуць на левым беразе Сены»
– Да пераезду я ніколі не любіла Парыж. Па-першае, тут вельмі дорага жыць. Па-другое, каб знайсці жыллё, трэба вельмі пастарацца. Горад знакаміты тым, што сюды прыязджаюць з усіх краін свету – і вельмі складана канкураваць з, напрыклад, багатымі амерыканцамі, якія гатовыя плаціць нашмат больш за дрэннае жыллё. Таксама мне не падабаліся натоўпы людзей – я заўсёды адчувала сябе небяспечна, амаль не карысталася метро.
Але з пераездам усё змянілася: гэта былі мае домыслы і стэрэатыпы, створаныя праз медыя. Так, у вас з лёгкасцю могуць украсці тэлефон у метро – але гэта проста вырашаецца базавым правілам не класці смартфон у кішэню, а таксама не трымаць яго ў руках побач з дзвярыма, бо тэлефон вырвуць, а цягнік з’едзе. Яшчэ ўсе любяць расказваць пра бруд на вуліцах. Калі вы пойдзеце да ўмоўнага Луўра, смецця там не знойдзеце.
Калі я пачала жыць у Парыжы стала, то закахалася ў горад наноў і пачала адчуваць яго па-іншаму. У тым ліку дзякуючы таму, што было больш часу знайсці месцы, схаваныя ад вачэй турыстаў. Адно з маіх любімых месцаў – раён вакол Люксембургскага саду.
Люксембургскі сад знаходзіцца ў цэнтры Парыжа і лічыцца адным з самых маляўнічых месцаў горада. У парку знаходзіцца аднайменны палац, у якім засядае сенат. Тэрытарыяльна сад адносіцца да 6-й акругі Парыжа – гістарычнага раёна, дзе жыве інтэлігенцыя. Тут шмат кафэ, рэстаранаў, бараў, клубаў і музеяў.
Люксембургскі сад. Фота: з архіва гераіні.
– Месца сапраўды крутое, бо кожная вуліца і будынак прасякнуты гісторыяй. Калі даведваешся пра гістарычныя факты, зусім па-іншаму глядзіш на горад.
Дарэчы, усе сапраўдныя парыжане жывуць менавіта на левым беразе Сены – акурат там, дзе знаходзіцца Люксембургскі сад. Таму і турыстам вельмі раю адпраўляцца ў тую частку горада: убачыце там тое, што ніколі не знойдзеце каля Луўра.
Таксама сярод турыстаў вельмі распіярылі Манмартр (багемны раён Парыжа. – Рэд.). Калісьці ён сапраўды быў кварталам, дзе жыло шмат мастакоў, у тым ліку Марк Шагал і Хаім Суцін. Але я, калі шчыра, за апошнія паўгода была на Манмартры толькі аднойчы. Натоўпы там вельмі вялікія – нашмат прыемней паглядзець на той жа сабор Парыжскай Божай Маці. Да яго можна падысці з розных вулачак, дзе не будзе столькі турыстаў.
Я амаль не хаджу на івенты, бо большасць часу сыходзіць на вучобу. Але, канешне, начное жыццё тут багатае: тэхна-рэйвы, вінныя і джазавыя бары. Калі вы лічыце, што ваш густ нішавы, прыязджайце ў Парыж – тут ёсць усё.
Пра праблемы: «Людзі застаюцца на вуліцы»
– Францыя – сацыяльна арыентаваная дзяржава. Калі чалавек знаходзіцца ў складаным становішчы, ён можа звярнуцца ў асацыяцыю, якая, напрыклад, дапаможа з жыллём. Гэта тычыцца студэнтаў, эмігрантаў са сталым відам на жыхарства і грамадзян краіны.
Але, на жаль, бывае і такое, што людзі ўсё роўна застаюцца на вуліцы. Мяркую, гэта звязана з тым, што сацыяльная сістэма перагружана. Гэту праблему можна вырашыць, але пакуль дзяржава занятая іншымі рэчамі – палітычным крызісам.
Сярод грамадства падтрымка прэзідэнта і яго ўрада вельмі нізкая – французы лічаць, што дзейнасць палітыкаў не адпавядае іх патрабаванням і запытам. Таксама ёсць іншая заканадаўчая сіла – парламент, які цяпер падзелены на тры блокі: цэнтрысты, ультраправыя і левыя. Паміж імі не існуе кансэнсусу, яны ўвесь час сварацца, таму правесці законы вельмі складана. Напрыклад, цягам двух гадоў не могуць вырашыць, як адаптаваць бюджэт, бо кожны цягне коўдру на сябе.
Магчыма, з наступнымі прэзідэнцкімі выбарамі, якія адбудуцца ў 2027 годзе, нешта зменіцца. Часы складаныя, але французы выруляць. Калі ім штосьці не падабаецца, яны як выйдуць на вуліцы, як запратэстуюць – усё зменяць.
Фота: з архіва гераіні.
Пра выдаткі: «На прадукты ў мяне сыходзіць да 250€ у месяц»
– Колькасць выдаткаў на жыццё ў Парыжы вельмі індывідуальная. Арэнда пакоя абыдзецца ў 700–900€, у агламерацыі можна знайсці жыллё крыху танней. Да гэтага дадаём праязны – студэнтам ён абыходзіцца ў 42€ у месяц, але астатнім давядзецца плаціць крыху больш за 90€. А вось прадукты, дарэчы, не такія ўжо і дарагія – у мяне сыходзіць каля 200–250€ у месяц.
Часам карыстаюся студэнцкай сталовай: з’есці салат, ёгурт і лазанью можна ўсяго за 3,30€. Калі лянота ісці ў сталовую, набываю кебаб. Але адзін з мінусаў такіх сталовых – там заўсёды вельмі шмат людзей, бо французы ідуць туды разам са сваімі сябрамі, увесь час сядзяць за столікамі і балбочуць.
Больш за тое, у французаў адрозніваюцца харчовыя звычкі. Для іх сняданак – гэта кава або ёгурт, а вось абед – святое. У гэтым плане мне складана, бо для мяне паесці з ранку вельмі важна. З улікам гэтых умоў я часцей за ўсё гатую ежу дома.
Пра стасункі: «Французскія мужчыны мяне не расчаравалі»
– Я актыўная карыстальніца дадаткаў для знаёмстваў, таму часам хаджу на спатканні з французамі. Мой узровень валодання мовы ўжо дазваляе фліртаваць і жартаваць па-французску.
Сапраўды, вельмі шмат тых, хто ў рэстаране будзе дзяліць з дзяўчынай рахунак напалову. Але хапае і французаў, якія абсалютна такога не прымаюць: французскія мужчыны мяне пакуль не расчаравалі.
На маю думку, у Францыі мужчыны ўспрымаюць славянскіх жанчын як штосьці экзатычнае. Ведаю, што некаторыя з іх мэтанакіравана шукаюць жонак з «нашых» краін, бо лічаць, што яны будуць паслухмянымі. Бо любая францужанка, якая з дзяцінства выхоўваецца ў гэтым грамадстве, вольная ад патрыярхальных установак. Для нас быццам яшчэ нармальна «рабіць» сябе прыгожай – сярод французскіх жанчын такога няма.
Таму адна з галоўных рэчаў, якая мне падабаецца ў французскім грамадстве, гэта тое, што ты можаш быць любой: праяўляцца праз вопратку, мець асабісты светапогляд ці вольнасць у самаідэнтыфікацыі.
Пра будучыню: «У Францыі мне прасцей, чым у любой краіне Еўрасаюза»
– Я б вельмі хацела застацца ў Францыі, але мая будучыня будзе залежаць ад мноства фактараў, у тым ліку легалізацыі. У ідэале я б хацела правесці тут сваё жыццё – я разумею краіну, светапогляд французаў і ўнутраны кантэкст. Калі ты кожны дзень слухаеш музыку, чытаеш навіны і глядзіш фільмы, гэта нараджае ўнутры новы культурны пласт. Таму ў Францыі мне нашмат прасцей, чым у любой іншай краіне Еўрасаюза.
Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.
Фота: з архіва гераіні.












