«Вам 47? Я не магу прапанаваць вам працу». Раней гэта эйчарка адмаўляла людзям у працы з-за ўзросту. А цяпер сама спрабуе ўладкавацца – і сутыкаецца з эйджызмам

Святлане нядаўна споўнілася 47 гадоў, у яе дзве вышэйшыя адукацыі і велізарны досвед працы ў рэкрутынгу. Ёй даводзілася адмаўляць людзям з-за ўзросту – такім было патрабаванне кіраўніцтва. Цяпер яна сама шукае працу і сутыкаецца з адмовамі... таксама з-за ўзросту. Пачытайце гісторыю нашай гераіні, якая адчула праблему з адваротнага боку.

Святлане нядаўна споўнілася 47 гадоў, у яе дзве вышэйшыя адукацыі і велізарны досвед працы ў рэкрутынгу. Ёй даводзілася адмаўляць людзям з-за ўзросту – такім было патрабаванне кіраўніцтва. Цяпер яна сама шукае працу і сутыкаецца з адмовамі... таксама з-за ўзросту. Пачытайце гісторыю нашай гераіні, якая адчула праблему з адваротнага боку.

– Да нядаўняга часу я працавала IT-рэкрутаркай – наймала IT-спецыялістаў для кампаній па ўсім свеце. Часта здаралася, што працадаўца абмяжоўваў узрост кандыдатаў на тую ці іншую пазіцыю. Насамрэч мы не маглі адкрыта адмаўляць кандыдату з-за ўзросту, таму даводзілася прыдумваць іншыя прычыны: нібыта чалавек не падыходзіць на вакансію па прафесійных ці нейкіх вузкіх скілах.

Сітуацыя вельмі непрыемная. Ты бачыш рэзюмэ, бачыш, што досвед чалавека цалкам адпавядае патрабаванням, што ў яго ёсць жаданне працаваць на гэтай пасадзе, але вымушана прыдумваць надуманую адмову, таму што ён старэйшы за вызначаны ўзрост.

Заканадаўства Беларусі забараняе дыскрымінацыю ў сферы працоўных адносін. Паводле артыкула 14 Працоўнага кодэкса, «дыскрымінацыяй з’яўляецца абмежаванне ў працоўных правах або атрыманне якіх-небудзь пераваг у залежнасці ад полу, расы, нацыянальнага і сацыяльнага паходжання, мовы, рэлігійных або палітычных перакананняў, удзелу або няўдзелу ў прафсаюзах або іншых грамадскіх аб’яднаннях, маёмаснага або службовага становішча, узросту, месца жыхарства, недахопаў фізічнага або псіхічнага характару, якія не перашкаджаюць выкананню адпаведных працоўных абавязкаў, іншых абставін, не звязаных з дзелавымі якасцямі і не абумоўленых спецыфікай працоўнай функцыі работніка».

Адмова ў прыёме на працу па гэтых прыкметах не дапушчаецца.

Аднак на практыцы многія беларусы сутыкаюцца з эйджызмам пры пошуку працы. Згодна з апытаннем сэрвісу Rabota.by 2023 года, 54% рэспандэнтаў асабіста сутыкнуліся з узроставымі абмежаваннямі падчас працаўладкавання, а 61% удзельнікаў апытання паказалі, што такая праблема закранула іх сяброў і блізкіх.

«Мы спрабавалі данесці кліенту, што парушаем заканадаўства»

– Калі нам паступаў заказ ад кампаніі з абмежаваннем па ўзросце (а бывала, і па поле), мы спрабавалі данесці, што гэта неэтычна і мы парушаем заканадаўства. Але заказчык на гэта адказваў: «Мы ведаем, што так нельга. Таму мы і звярнуліся да вас у кадравае агенцтва, вырашайце гэта пытанне як хочаце».

Бачачы такое патрабаванне, я ўжо на этапе анкеты старалася вылічыць узрост кандыдата і не браць яго ў працу, каб лішні раз не траўміраваць чалавека. Бывалі вакансіі з вельмі спецыфічнымі патрабаваннямі і складаным стэкам, пры гэтым з абмежаваннямі па ўзросце. Знаходзіўся адзін кандыдат, які падыходзіў паводле патрабаванняў, але не праходзіў па ўзросце, – і куча маладых людзей без патрэбных навыкаў. Часцей за ўсё працадаўца браў маладога супрацоўніка без патрэбнага досведу, з перспектывай навучыць яго.

Ілюстрацыйнае фота: Alex Kotliarskyi, Unsplash.com.

«Ніколі не думала, што я сама сутыкнуся з эйджызмам, будучы з іншага боку»

– Часам я магла сказаць кандыдату, што адхіляю яго з-за ўзросту. Ужо па размове з чалавекам я загадзя меркавала, якая будзе рэакцыя. Некаторым казала так: «Дзякуй, вы класны спецыяліст, з вамі вельмі прыемна размаўляць. Але, на жаль, у гэтай кампаніі дырэктар малады і баіцца бачыць кандыдатаў старэйшых за сябе». Некаторыя ўспрымалі гэта нармальна і нават трошкі жартавалі.

Былі людзі, якія злаваліся і выказвалі незадаволенасць. Мне даводзілася як быццам псіхалагіні змякчаць гэты негатыў, казаць, які чалавек добры прафесіянал. На маёй памяці быў толькі адзін кандыдат, які сказаў: я буду пісаць у гэту кампанію наўпрост, выкажу ўсё, што пра яе думаю! Папраўдзе не ведаю, ці напісаў ён.

Як рэкрутарка я разумею, як гэта працуе знутры: шматлікія адмовы нават не даходзяць да кіраўніцтва ці больш вышэйшага менеджара. Рэкрутары адглядаюць рэзюмэ, бачаць узрост і далей нават не чытаюць CV.

Хачу адзначыць, што мне нельга было рабіць па-іншаму. Сама б я так не зрабіла, але я была наёмнай работніцай, мая задача ад кампаніі выглядала як пошук супрацоўнікаў да вызначанага ўзросту. Ніколі не думала, што я сама сутыкнуся з эйджызмам, будучы з іншага боку.

«Ніхто не хоча браць чалавека з маленькімі дзецьмі»

– У мяне дзве вышэйшыя адукацыі, эканамічная і юрыдычная. У дэкрэтны водпуск я сыходзіла з пасады намесніцы дырэктара па камерцыйных пытаннях вельмі буйной кампаніі. Пасля выхаду з дэкрэта я ўжо не змагла знайсці працу на адпаведную пазіцыю – ці хаця б прыблізна такую ​​ж. Ніхто не хоча браць чалавека з маленькімі дзецьмі. З гэтага моманту пачаліся мае пакуты і хаджэнні па кампаніях у пошуках лепшай долі.

Цяпер я таксама ў пошуках працы. Я запампавала сваё рэзюмэ на некалькі сайтаў па пошуку працы, пазначыла ўзрост, адгукаюся на вакансіі – і ўсюды атрымліваю адмовы, хаця гэта вельмі дзіўна. Я бачу, што цалкам падыходжу пад названыя патрабаванні, умовы мне таксама падыходзяць, але мне дасылаецца аўтаматычная адмова амаль на ўсе пазіцыі.

«У тыдзень адгукаюся на 100 прапаноў. Прыбрала ўзрост – і мне сталі прыходзіць запрашэнні на сумоўі»

– Я шукаю працу ва ўсіх магчымых месцах, у LinkedIn, нават у Threads, пытаюся ў знаёмых. Цяжка сказаць пра агульную статыстыку, яна перыядычна абнуляецца. Але, напрыклад, на Rabota.by за выхадныя я адгукнулася на 60 вакансій, мяне запрасілі на сумоўе ў 4 месцы. З іх тры – гэта вакансіі менеджаркі па продажах, дзе будуць пытанні па зарплаце і гэта ў прынцыпе не маё, а адна – мерчандайзерка на паўстаўкі, сыркі раскладваць. Я думаю, што ў тыдзень адгукаюся прыкладна на 100 прапаноў ці больш, а запрашэнняў атрымліваю каля 7, і гэта ў асноўным такія кампаніі, якія не падыходзяць мне па профілі.

Ілюстрацыйнае фота: Christin Hume, Unsplash.com.

Дзеля эксперыменту я нават адпраўляла сваё рэзюмэ не як IT-рэкрутарка, а, напрыклад, аператарка ЭВМ, кладаўшчыца і іншыя, якія не адпавядаюць маёй спецыяльнасці. Я ўсюды атрымлівала аўтаматычную адмову!

Я зразумела, што гэта з-за ўзросту, прыбрала яго з рэзюмэ, і – які цуд! – мне сталі прыходзіць запрашэнні на сумоўі.

Апошнім часам у Беларусі адбылося некалькі гучных гісторый, звязаных з узростам. У жніўні мінчанін паскардзіўся ў сацсетках, што яму не ўдалося ўладкавацца ў агенцтва нерухомасці. Праз год з невялікім яму споўніцца 40 гадоў, але на сумоўі мужчыну паведамілі: «Калектыў, які сфарміраваўся, у нас даволі малады: узрост агентаў і рыелтараў каля 20–25 гадоў. Вы, напэўна, у гэты калектыў не ўпішацеся».

Але эйджызм назіраецца не толькі ў працоўнай сферы – зусім нядаўна 54-гадовая карыстальніца Threads расказала, што арганізатарка настольных гульняў у Мінску папрасіла яе больш не прыходзіць на сустрэчы з-за яе ўзросту.

«Калі прыйшло ўсведамленне, што цяпер я “на тым баку”, я была да гэтага гатовая»

– Напэўна, усведамленне, што цяпер я «на тым баку», прыйшло ў наступным выпадку. Я прыйшла на сумоўе, быццам бы ўсё нармальна, мы з рэкрутаркай гутарым... Раптам пытанне: «Вас не будзе хваляваць, што вашаму кіраўніку на дадзены момант 35 гадоў, а вы значна старэйшая?» Я кажу: «Мяне не будзе хваляваць, я гатова працаваць з такім кіраўніком». І мне адказваюць: «Ну прабачце, кіраўніку будуць вельмі няёмка кіраваць людзьмі старэйшымі за яго».

Шчыра кажучы, я нават не была здзіўленая або засмучаная. Я была гатовая да гэтага і прыняла гэта як належнае. Бо сама, праводзячы сумоўі, адмаўляла людзям па такой прычыне. І тут дзяўчына вырашыла не цырымоніцца. Проста я была ўпэўненая, што знайду працу ў іншым месцы, – можа, менавіта тут кіраўнік малады. Але гэта стала сістэмай.

Нядаўна была сітуацыя, звязаная з наяўнасцю дзяцей. Мае дзеці яшчэ вучацца ў школе, то бок яны не зусім маленькія, але пакуль не самастойныя. Я прыйшла на сумоўе, агучыла свой узрост, сказала, што ў мяне ёсць дзеці, і мне паведамілі: «Ну добра, на ўзрост мы заплюшчым вочы, але ў вас дзеці, вы будзеце хадзіць з імі на бальнічныя, а потым самі ад іх заразу падхопіце. Людзі ў вашым узросце даўжэй хварэюць, даўжэй аднаўляюцца, вы будзеце хадзіць з адных бальнічных на іншыя»... І таксама адмовілі.

«А вы часам зацяжарыць не збіраецеся?»

– Быў яшчэ выпадак на сумоўі анлайн. Спыталі пра ўзрост, я адказала: 47 гадоў, на што атрымала: «А вы часам зацяжарыць не збіраецеся?» Нават не ведаю, што сказаць.

Або яшчэ адно анлайн-сумоўе: мы размаўляем, усё выдатна, рэкрутарка на тым баку экрана ўсміхаецца мне, ківае. Думаю: ну нарэшце, ёсць нейкі прасвет! Тут у мяне, вядома, пытаюцца пра ўзрост. Адказваю і чую: «Ого, 47, а я думала нашмат менш, 32-34... Выбачайце, тады я не магу прапанаваць гэту пасаду. Наш кіраўнік папрасіў увогуле шукаць кандыдатаў да 30 гадоў, але я зрабіла выключэнне, думала, што вам недзе да 34, вы так добра выглядаеце, добра размаўляеце, у вас такія навыкі... А так, прабачце, не».

Мая сяброўка прапрацавала ў буйной дзяржаўнай кампаніі 25 гадоў, вось толькі нядаўна звольнілася, шукала новую працу. Яна мая равесніца, яе таксама нідзе не бралі з-за ўзросту. Яна дайшла да таго, што разглядала нават пазіцыі мерчандайзеркі або працу ў клінінгу, каб часова пратрымацца, пакуль не знойдзе нешта падыходзячае. Так што гэта вельмi сур’ёзная i актуальная праблема.

Ілюстрацыйнае фота: Aron Visuals, Unsplash.com.

«Муж мяне падтрымлівае, а свякроў думае, што я проста не хачу працаваць»

– Мая сям’я – гэта муж і двое дзяцей. Мой муж – малайчына, ён мяне падтрымлівае, супакойвае як можа, кажа: ну, пашукай яшчэ крышку, не кідайся на любую першую працу, якая трапілася. Але ён, вядома, быў вельмі здзіўлены, калі я яму расказала пра сітуацыю з узростам.

А вось свякроў не разумее, як гэта можна не знайсці працу, бо мне ўсяго 47 гадоў. Яна пенсіянерка, але працягвае працаваць і выказвае незадаволенасць, што я не працую. Яна думае, што яе сын робіць вельмі шмат, каб забяспечыць нас чацвярых, і было б нядрэнна, каб я хутчэй знайшла працу. І калі я пасля чарговага пошуку ці сумоўя кажу, што мяне не ўзялі, яна кажа: чаму гэта не ўзялі? Я спрабую растлумачыць, што праз узрост.

Літаральна ўчора з ёй была размова. Яна пытаецца: «Ну як гэта? Наадварот, ты ўжо немаладая, у дэкрэт не пойдзеш. Дзеці не надта маленькія. Калі што, самі пахварэюць. І да пенсіі яшчэ колькі часу». Чалавек старой загартоўкі, яна мяне не падтрымлівае. Яна незадаволеная і, мусіць, думае, што я проста не хачу працаваць. Так што тут я між двух агнёў.

«Часцей абмежаванні па ўзросце ставілі ў краінах СНД»

– Чаму ставілі абмежаванні па ўзросце, я магу толькі здагадвацца. Калі заказчыкі давалі нам апісанне да вакансіі, так і казалі: у нас калектыў у асноўным да 35 гадоў, і мы не хочам у ім, груба кажучы, пенсіянераў. Або, напрыклад, у нас кіраўніку 33 гады, і ён відавочна не хоча, каб супрацоўнікі былі старэйшымі за яго.

Магчыма, супрацоўнікі ва ўзросце могуць заўважаць касякі кіраўніцтва альбо прасіць больш высокі заробак. Адзін кліент сказаў: яны пачнуць качаць свае правы, калі нешта пойдзе не так.

Трэба адзначыць, што ў асноўным мы працавалі з Еўропай – там абмежаванняў па ўзросце практычна не было. Часцей за ўсё мы сутыкаліся з гэтым падчас працы з краінамі СНД.

«Мне здаецца, я пачынаю ўпадаць у дэпрэсію»

– Настрой ад усяго гэтага пошуку ў мяне кепскі. Я ад гэтай сітуацыі пачынаю, мне здаецца, агрэсаваць і ўпадаць у нейкую дэпрэсію, увесь час знаходжуся ў напружанні.

Пачынаючы шукаць працу летам, я разумела, што гэта будзе нялёгка. Але спачатку я праглядала вакансіі ў лайт-рэжыме, не адгукалася, проста хацела разумець, каго і што шукаюць. Калі бачыла прапанову па сваёй спецыяльнасці, у думках супакойвалася: акей, вакансіі ёсць, хутка знайду.

Але вось цяпер ужо зіма, і я бачу, што тэндэнцыя «знайду» не працуе. Аказваецца, гэта не так проста, як я ўяўляла. Нават дома муж заўважае, што я ўвесь час сяджу ў ноўтбуку або ў тэлефоне, заўсёды манітору, пішу, адпраўляю, заўсёды на нервах. Гэта вельмі ўплывае на якасць жыцця. Моцна непрыемна.

Ілюстрацыйнае фота: Martin Reisch, Unsplash.com.

«Дзяўчыну 35 гадоў не ўзялі на працу з-за ўзросту. Што казаць пра тых, хто старэйшы»

– У Threads я чытаю людзей, якім прыкладна ад 40 гадоў і якія спрабуюць знайсці працу. Яны сутыкаюцца з тым, што, па-першае, няма нармальных прапаноў, па-другое, нармальнага заробку, а па-трэцяе, нікуды не запрашаюць з-за ўзросту.

У інстаграме дзяўчына 35 гадоў расказвала, што яе таксама не ўзялі на працу! Кажуць, вы нам не падыходзіце, у нас калектыў да 30 гадоў. Што ўжо казаць пра тых, хто старэйшы...

«Калі ты кудысьці і паскардзішся, то ўсё роўна нічога не дакажаш»

– Я разумею, што насамрэч з гэтым вельмі складана. Калі ты кудысьці і паскардзішся, што цябе адсяваюць па ўзросце, то ўсё роўна на працу не возьмуць, знойдуць нейкія іншыя прычыны, з якіх ты не падыходзіш. Нічога не дакажаш. Бо я і сама так рабіла, на жаль...

Было б добра, калі б гісторыі эйджызму сапраўды былі навідавоку, неяк асвятляліся, каб не баяліся браць людзей старэйшых за 40 гадоў. Цяпер гэта ўвогуле не ўзрост. Жанчыны і пасля 50 гадоў выдатна выглядаюць, навучаюцца нечаму новаму, многія значна лепш, чым людзі ў 25.

Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.

Фота на вокладцы: Dane Deaner, Unsplash.com.

#Минск #Беларусь
Еще по теме:
Беларусы жалуются на то, какую работу сейчас предлагают в стране: «Мало денег, но много кринжа»
За день
«Я больше не трачу время на то, что мне не нравится». Беларусы – о том, можно ли считать возраст в 40–50 лет преклонным
ЗОЖ
«После 40 общество оставляет тебя в покое, особенно если ты женщина». Беларусы – о том, какие изменения замечают в своей жизни в 40+
Vox populi
поделиться