Дзмітрыю 42 гады, у абшчыну сведкаў Іеговы ён уступіў яшчэ падлеткам і прабыў там каля 10 гадоў, паспеўшы стаць старэйшынай. CityDog.io даведаўся, як Дзмітрый там апынуўся, якія правілы дзейнічаюць у абшчыне і чаму ў выніку ён вырашыў пакінуць гэту супольнасць.
«У школьныя гады здавалася, што рэлігія разумее, у чым сэнс жыцця і адкуль узяўся чалавек»
– Рэлігійнымі пытаннямі я цікавіўся яшчэ з дзяцінства. Памятаю, як спрабаваў запісацца ў праваслаўную нядзельную школу, хадзіў у яўрэйскую, бегаў на лекцыі адвентыстаў. Усё гэта было яшчэ ў школьныя гады. Мяне цягнула разабрацца, адкуль узяўся чалавек, у чым сэнс жыцця. Здавалася, што менавіта рэлігія дзесьці побач трымае магчымыя адказы.
«Дадому прыйшлі двое і прапанавалі вывучаць Біблію разам, каб разабрацца з маімі сумневамі»
– Калі ўзгадваю, хто паўплываў на маё ўступанне, то атрымліваецца, што ніхто з блізкіх. Гэта быў дзесьці 1998 год, я – 15-гадовы падлетак у Оршы. Да нас прыйшлі двое – сведкі Іеговы заўжды прапаведуюць удваіх па кватэрах. Не памятаю ўжо, хто адкрыў дзверы, але ў сям’і ведалі, што я цікаўлюся рэлігійнымі тэмамі, таму ніхто не быў супраць, каб я з імі паразмаўляў.
Яны зачапілі мяне размовай пра канфлікт крэацыянізму і эвалюцыі. Я доўга спрачаўся, а яны метадычна і падрыхтавана адказвалі, у іх сапраўды моцная школа пераадольваць пярэчанні. У выніку яны прапанавалі вывучаць Біблію разам, каб разабрацца з маімі сумневамі. І так атрымалася, што яшчэ школьнікам я да іх далучыўся.
У сям’і мяне ніхто не падтрымаў, але для мяне гэта не стала праблемай. Гэта быў канец 90-х – у паветры луналі свабода і маладосць, і я адчуваў сябе шчаслівым у новым досведзе.
«Трапіць у сведкі Іеговы мог хто заўгодна»
– Канец 90-х быў перыядам, калі да ўсяго «новага рэлігійнага» цягнуліся вельмі многія. Мая першая абшчына ў Оршы была даволі разнастайная: і моладзь, і людзі старэйшага ўзросту. Але жанчын заўсёды было значна больш. Не кожны мужчына захоча размаўляць з незнаёмцамі, калі тыя грукаюць у дзверы, а тым больш – пагаджацца на рэгулярныя сустрэчы па вывучэнні Бібліі. Таму, калі на 80 сясцёр было хоць 20 братоў, гэта ўжо лічылася добрай сітуацыяй.
Што да сацыяльнага становішча – спектр таксама быў шырокі. Трапіць у сведкі Іеговы мог хто заўгодна. Мы з сябрам, два выдатнікі з адной аршанскай школы, прыйшлі туды падлеткамі. Потым ён кінуў універсітэт, а я, наадварот, скончыў вучобу і паступіў у аспірантуру, застаючыся ў абшчыне. Хоць стаўленне да вышэйшай адукацыі там не надта пазітыўнае, мне, напрыклад, ніхто не перашкаджаў.
Былі і звычайныя працоўныя людзі. Памятаю жанчыну, якую я далучыў да вывучэння Бібліі ўжо перад ад’ездам з Оршы: у мінулым яна працавала ў Аршанскім райвыканкаме і потым шмат дапамагала, калі ў горадзе будавалі Залу Царства (памяшканне, у якім сведкі Іеговы праводзяць свае богаслужэнні. – Рэд.). Быў таксама цікавы хлопец – сын кагосьці з міністэрства прамысловасці. Людзі былі самыя розныя.
«Было і шмат людзей з рознымі патрэбамі, у тым ліку ментальнымі»
– Тады сапраўды была хваля хуткага прыросту. Потым па ўсёй Беларусі ўсё затармазілася.
Вылучыць пэўныя рысы псіхалагічнага партрэта наўрад ці я змагу, бо бачыў людзей рознага тэмпераменту і падыходу да жыцця. Было шмат людзей з рознымі патрэбамі, у тым ліку ментальнымі. Яны звычайна знаходзяць сярод вернікаў пэўны сацыяльны прытулак, і гэта таксама добра.
Калі чалавек прыходзіць у сведкі Іеговы, ён мусіць адмовіцца ад шкодных звычак. Жыццё ад гэтага часта паляпшаецца, але разам з тым людзі могуць губляць былыя сувязі, нават з роднымі. І гэта ўжо стварае праблемы. Чалавек становіцца залежным толькі ад царкоўных зносін, што вядзе да сацыяльнай ізаляцыі. Ён разумее, што выйсці з арганізацыі складана, бо па-за яе межамі сувязі ўжо страчаныя.
 (1).jpg)
Ілюстрацыйнае фота: Aaron Burden, Unsplash.com.
«Шмат практык склалі амерыканскія лідары, у тым ліку юрысты»
– Сведкам Іеговы часта нават адмаўляюць у прыналежнасці да хрысціянства, бо яны не вераць у традыцыйны пастулат пра Троіцу. Але я стаўлюся да гэтага мякчэй. З часам я пачаў успрымаць іх як звычайны неапратэстанцкі рух, толькі з ухілам у залішні юрыдызм і прэтэнзію на рацыянальнасць.
Шмат практык у сведках склалі амерыканскія лідары, у тым ліку юрысты: адсюль строгія падыходы да ўліку часу пропаведзі, падрабязныя інструкцыі пра тое, як бавіць час падлеткам, што апранаць, чаму трэба адмаўляцца ад святкавання свецкіх свят. На фоне іншых пратэстанцкіх цэркваў гэта выглядала як даволі жорсткія абмежаванні і часта ўспрымалася як сектанцкасць. Напрыклад, у сведак Іеговы насцярожанае стаўленне да атрымання вышэйшай адукацыі. Гэта не забарона, але моцная неахвота.
Што да іх прэтэнзіі на рацыянальнасць, то гэта выяўляецца ў пастаянных заявах, што ўсё ў іх даказана і мае абгрунтаванне ў Бібліі. Яны нават выпускалі выданні з прэтэнзіяй на «научпоп». Адсюль – вялікія адрозненні ад іншых сучасных пратэстантаў: сведкі Іеговы не вераць у цуды, містычную рэальнасць, таемствы. У іх ёсць хрышчэнне, але яно ўспрымаецца як акт абяцання служыць Богу, той самы юрыдызм.
Ёсць у іх і погляды, за якія яны атрымліваюць чаканае грамадскае асуджэнне. Напрыклад, строгая адмова ад выкарыстання крыві, нават у небяспечных выпадках аперацый. І гэта правіла трымаецца на тым жа жорсткім, «рацыянальна-юрыдычным» падыходзе.
«Па ўсім свеце прыходзяць аднолькавыя інструкцыі, крыху адаптаваныя да мясцовых умоў»
– Іерархія ў сведак Іеговы строга вертыкальная: усе назначэнні ідуць зверху ўніз. Старэйшын прызначаюць з офіса-прадстаўніцтва. Усе абшчыны кіруюцца цэнтралізавана, і па ўсім свеце прыходзяць адны і тыя ж інструкцыі, толькі крыху адаптаваныя да мясцовых умоў.
Абшчынай займаецца рада старэйшын; старэйшыны выконваюць пастарскія функцыі: арганізуюць службы, прымаюць новых членаў, наведваюць тых, хто ў сумневах ці ў складаных абставінах, а таксама праводзяць «суды» ў выпадках, калі вернікі пачалі паводзіць сябе не так, як патрабуе веравызнанне.
«Старэйшынам я стаў у 23 гады, хутка пасля заканчэння ўніверсітэта»
– Я сапраўды даволі рана стаў старэйшынам. Кар’ера брата, то бок верніка-мужчыны, у іх простая: спачатку становішся дыяканам («службовым памочнікам»), а ўжо потым – старэйшынам. Я стаў дыяканам гадоў у 19-20, а старэйшынам – у 23-24 гады, хутка пасля заканчэння ўніверсітэта.
Працэс выглядае так. Раз на паўгода абшчыну наведвае чалавек, кога можна лічыць «епіскапам» (раней па-руску яго называлі «надзиратель»). Ён сам ацэньвае кампетэнцыі братоў: размаўляе з імі, можа разам схадзіць на пропаведзь па кватэрах ці на вуліцу або на пастарскі візіт. Потым ён з’язджае і перадае ў офіс свае дасье на тых, каго палічыў кандыдатамі. У офісе разглядаюць матэрыялы і пры ўзгадненні паведамляюць, што чалавек прызначаны старэйшынам. Ніякіх абрадаў ці рукапалажэнняў пры гэтым няма.
Усё адбываецца вельмі проста: дзеючыя старэйшыны адводзяць цябе ўбок на сходзе і паведамляюць, што прыйшоў ліст пра тваё назначэнне. А далей ты ўжо сам вырашаеш, прымаць яго ці не.
.jpg)
Ілюстрацыйнае фота: Pedro Lima Unsplash.com.
«З-за сведак Іеговы трэба было заўсёды знайсці “тэхнічную” прычыну не ўдзельнічаць у школьных лінейках»
– Сведкі Іеговы не могуць выказваць пашану, калі ўздымаюць сцяг або ўключаюць гімн. Яны кажуць, што ставяцца да дзяржаўных сімвалаў з павагай, але ўдзел у звыклых цырымоніях для іх лічыцца богапраціўным.
Таму з усмешкай узгадваю, як на школьных лінейках падчас гімна мне раптам тэрмінова трэба было зашнураваць туфлі ці знайсці яшчэ якую «тэхнічную» прычыну сагнуцца і не ўдзельнічаць у цырымоніі.
Ва ўніверсітэце быў выпадак, які мне дорага каштаваў. Быў збор стыпендыятаў прэзідэнта, нас здымала тэлебачанне. Гэта было нешта накшталт круглага стала, дзе мы павінны былі абмяркоўваць падтрымку дзяржавы. Сядзелі, і тут пачаў выконвацца гімн. Усе падскочылі, а я застаўся сядзець і адлічваў кожную секунду сэрцабіццём.
Потым да мяне падскачыла старшыня камітэта па аспірантуры, якая даведалася, што я не ўстаў свядома, бо з’яўляюся сведкам Іеговы. Яна пачала вычытваць мяне за тое, што я ўзяў стыпендыю. Але пазней яна ўсё ж не перашкаджала мне паступіць у аспірантуру.
«Думаў здаць роднага бацьку ў міліцыю, бо ён гнаў самагонку»
– Былі і вельмі ідыятычныя выпадкі. Напрыклад, у СІ з-за юрыдызму і строгіх правіл паводзін існуе даносніцтва. Калі сведка Іеговы бачыць, што хтосьці з вернікаў паліць, напіўся ці зрабіў нешта яшчэ, ён павінен спачатку пагаварыць з чалавекам, а пры неабходнасці паведаміць старэйшынам. Такія паводзіны могуць стаць нагодай для судовага разбіральніцтва.
Я ж, будучы падлеткам, вырашыў прымяніць гэтую практыку і да членаў сваёй сям’і. І вось аднойчы прыходжу да старэйшыны і пытаюся: мой бацька гоніць самагонку, ці трэба мне паведаміць пра гэта ў міліцыю. Добра, што мне трапіў нармальны пастар, які адразу сказаў, што я з глузду з’ехаў, калі вырашыў пабыць Паўлікам Марозавым і здаць роднага бацьку. Пацешна, але і сумнавата з гэтага, канешне.
«Нас маглі і пачаставаць, і да стала запрасіць»
– Калі я быў сведкам Іеговы, практыка званкоў у дзверы ўспрымалася як доказ правільнасці веравызнання. Мы быццам бы адзіныя ў свеце, хто літаральна выконвае загад Хрыста несці благую вестку «ад хаты да хаты».
Для мяне як інтраверта шматгадзінавыя спробы размоў былі эмацыйна стамляючымі, але гэта кампенсавалася пачуццем, што выконваеш самую важную місію ў свеце.
У канцы 90-х і напачатку нулявых для людзей усе гэтыя практыкі ўспрымаліся як нешта новае. І хаця некаторыя адмаўляліся размаўляць, стаўленне звычайна было добрым. Мы аб’ездзілі розныя райцэнтры і вёскі Віцебшчыны, нас маглі і пачаставаць, і да стала запрасіць.
.jpg)
Ілюстрацыйнае фота: 林生 黄, Unsplash.com.
Вельмі негатыўныя выпадкі былі ўсяго пару разоў. Аднойчы мяне стукнулі ў скронь. Тады я прапаведаваў на вуліцы адзін, без напарніка. Пару разоў пагражалі збіццём. І яшчэ ўзгадваю, як на нас выклікалі міліцыю: прыехалі, праверылі дакументы і адпусцілі мяне. Маю ж напарніцу затрымалі, бо яна была ўкраінка і на той момант у яе ўжо скончыўся легальны тэрмін знаходжання ў Беларусі. Але праз пару гадзін яе таксама вызвалілі.
Як прапаведнік сведкі Іеговы я прывёў не так шмат людзей, не больш за пяць. Большасць з іх пазней таксама пакінулі царкву.
«Зараз “пакватэрная” пропаведзь сышла ў заняпад»
– Здаецца, у Беларусі сведкі Іеговы яшчэ практыкуюць пакватэрную пропаведзь, але менш, чым раней. У Расеі яны забароненыя наогул, таму там прапаведуюць вельмі асцярожна, фактычна падпольна. У краінах Заходняй Еўропы больш ужываюць вулічную пропаведзь: або стаяць са стэндам-валізкай, або шпацыруюць у пошуках суразмоўцы.
Таму можна сказаць, што гэтая «пакватэрная» пропаведзь ужо ў значнай ступені сышла ў заняпад.
«Мая жонка і цешча дасёння сведкі Іеговы»
– Два правілы, праз якія сведкі Іеговы часта згадваюцца як небяспечны рух, – гэта адмова ад крыві ў любых формах і забарона дзейным сведкам падтрымліваць сувязь з тымі, хто выйшаў адтуль.
З цягам часу, наколькі я ведаю, гэтыя правілы трохі лібералізаваліся. Яны ўжо не так строга трактуюцца: нешта перайшло ў катэгорыю «не зусім дапушчальнага, але пакінутага на сумленне самога чалавека».
Што да забароны кантактаваць з былымі. Мае жонка і цешча дасёння – сведкі Іеговы. З жонкай мы жывем разам, таму яе кантакты са мной цалкам дапушчальныя. А вось цешчы са мной размаўляць нельга. Час ад часу мы гэтае правіла парушаем, але ў асноўным яна яго трымаецца. І, шчыра кажучы, я нават знайшоў у гэтым свае «плюсы»: кантакты з цешчай у мяне цяпер толькі апасродкаваныя, праз жонку.
«У сведкаў Іеговы забаронены ўсе святы, нават дні народзінаў»
– Абсурднымі мне заўжды здаваліся і іхнія адмовы ад розных свят. У сведкаў Іеговы забаронены нават дні народзінаў. Ніякіх дзяржаўных, прафесійных, свецкіх, не кажучы ўжо пра традыцыйныя хрысціянскія – як Раство ці Вялікдзень. Усё гэта лічыцца спадчынай паганства і строга забараняецца. Забараняецца нават здаваць грошы на святы – з-за гэтага часта ўзнікае напружанне ў школьных і працоўных калектывах.
Яны не сядуць за стол нават у родных, калі даведаюцца, што падстава для сустрэчы была нейкае свята. З дазволеных святаў, напэўна, толькі юбілеі вяселляў. Але чокацца нельга – гэта таксама лічыцца спадчынай паганства. Таму калі мы з жонкай трапляем у госці, я стараюся абараніць яе ад таго, каб суседзі не прымушалі выконваць звыклыя рытуалы застолля.
.jpg)
Ілюстрацыйнае фота: Alexander Grey, Unsplash.com.
«Быў перыяд, калі я быў горшым мужам, чым старэйшынам»
– У нашай абшчыне я знайшоў жонку. Гэта адно з найбольш каштоўных багаццяў, якое я набыў, калі быў сведкам Іеговы. Канешне, адносіны з маімі роднымі (бацькамі і братам) крыху пацярпелі, бо я не ўдзельнічаў у сямейных мерапрыемствах. Але я стараўся кампенсаваць сваю адсутнасць на святах большай прысутнасцю ў іншых сямейных справах. У цэлым мы заставаліся ў добрых стасунках і падтрымлівалі адзін аднаго.
Мы пабраліся шлюбам, калі я стаў старэйшынам. Зразумела, я быў яшчэ «зялёны», і сумяшчаць сямейнае жыццё з абавязкамі старэйшыны было няпроста. Думаю, у той перыяд я быў горшым мужам, чым старэйшынам. Дадаваліся і побытавыя цяжкасці, бо я шмат працаваў. Таму з жонкай мы часта сварыліся. Але ўсё ж такі перажылі гэты этап.
«Разам са мной сышлі некаторыя мае таварышы, таму сыход не быў моцна траўмуючым»
– Аднойчы мінскі офіс арганізаваў нешта, што можна параўнаць з паказальнымі судамі на дзяржпрадпрыемствах. Некаторых старэйшын і дыяканаў падазравалі ў злоўжыванні алкаголем: спачатку праводзіліся «следчыя» мерапрыемствы, а пазней – прававыя камітэты, ці «суды». У сведкаў Іеговы ўсе «суды» закрытыя, але сэнс быў тым, каб не выхаваць падазроных, а запужаць астатніх і вярнуць нейкі ранейшы статус-кво.
Я ўдзельнічаў у гэтай гісторыі як сведка, які выступаў у абарону падазраваных. Гэты гучны працэс у рамках мясцовых абшчын стаў першым штуршком для маіх сумневаў. Ён цягнуўся доўга, больш за год. За гэты час мяне прызначылі з дыякана да старэйшыны, і маё знаёмства з «судовымі» працэсамі яшчэ больш паглыбіла сумневы: мне здалося, што там няма ніякага духоўнага ці рэлігійнага складніка – усё выглядала як звычайны карпаратыўны механізм пакаранняў.
Тады я дабравольна папрасіў зняць з мяне паўнамоцтвы старэйшыны. Пазней стаў цікавіцца літаратурай людзей, якія выйшлі са сведкаў Іеговы. Была даволі грунтоўная літаратура, напрыклад, кнігі Рэймонда Фрэнца, былога члена Кіруючай Рады сведкаў Іеговых ў Брукліне. Менавіта яго працы далі патрэбную ін’екцыю крытычнага падыходу да веравызнання.
Так я прыйшоў да высновы, што мае погляды ўжо не супадаюць з веравызнаннем сведкаў Іеговы. Я напісаў ліст пра сыход.
Самае складанае і балючае – поўны разрыў кантактаў. Тыя, хто выйшаў, цяпер становяцца адступнікамі. Членам абшчыны забаронена з імі нават вітацца. Калі ты аброс сябрамі, такое развітанне даволі балючае.
Твой статус цяпер – «ідзеш у пекла» (не літаральна, канешне): ты абраў дарогу ад Бога, а не да Яго, таму цяпер твая будучыня прадказальная. Гэтае царкоўнае асуджэнне цяжка перажыць. Але добра, што разам са мной сышлі некаторыя мае таварышы, таму сыход не быў моцна траўмуючым.
Першы час, канешне, мы сварыліся з жонкай на гэты конт, але найшлі выйсце, вырашылі, што нішто не перашкаджае нам жыць сям’ёй, нават і з рознымі рэлігійнымі поглядамі.
«Шмат хто з былых сведкаў Іеговы становіцца агностыкам ці атэістам»
– Усё ж наступствы індактрынацыі даволі сур’ёзныя пасля сведкаў Іеговы – доўгі час я падазрона ставіўся да традыцыйнага хрысціянства. Шмат хто з былых сведкаў Іеговы становіцца агностыкам ці атэістам. Я сам «варыўся» крыху на форумах сярод розных былых сведкаў Іеговых, хтосьці нават спрабаваў стварыць групоўкі кшталту рэфармаваных удзельнікаў.
Але праз паўтары гады я зноў стаў цікавіцца праваслаўем, бо да сведкаў Іеговых я крыху наведваў царкву. У 2010 годзе стаў прыхаджанінам, а неўзабаве і алтарнікам ды настаўнікам у нядзельнай школе пры нашым храме ў Віцебску.
Таму можна сказаць, што ў сістэме поглядаў і каштоўнасцяў у мяне не так шмат змянілася. Нават у рамках праваслаўя мае погляды больш трансфармаваліся за гады з 2010 па сёння, чым у перыяд сыходу ад сведкаў Іеговы і вяртання да традыцыйнага хрысціянства.
«Пасля сыходу да мяне часта звярталіся, каб я расказаў, што сведкі Іеговы – сектанты»
– Да мяне пасля сыходу звярталіся як да былога сведкі Іеговы многія людзі, каб я на судах нешта засведчыў, што сведкі Іеговы – небяспечныя сектанты.
Памятаю, мужчына з Менску тэліў з адвакатам: рашалася, каму пакінуць дзяцей пасля разводу. Ён вырашыў разысціся, бо жонка стала сведкай Іеговы. Я шчыра сказаў, што магу з пэўнай доляй разумення расказаць, што некаторыя іх практыкі, напрыклад, адмова ад крыві, могуць быць небяспечнымі. Але я не магу казаць адназначна, што ўсё цалкам небяспечна, што гэта нейкая секта, дзе людзі страчваюць розум. Таму ад маіх «паслуг» у гэтым часта адмаўляліся.
Так, сведкі Іеговы – апантаныя, але шчырыя вернікі, якія проста такім чынам вераць у Бога. Пры гэтым нічога злачыннага ў іх веравызнанні, на мой погляд, няма.
Мяне неяк запрашалі ў віцебскую семінарыю на лекцыі па сектазнаўству. На гэта я шчыра казаў: калі вы праваслаўныя і хочаце распавесці сведкам Іеговы, чаму вы верыце так, а не інакш, не ганіце іх, а пачастуйце гарбатай і растлумачце ўсё па-добраму.
Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.
Фота на вокладцы: Greg Rosenke, Unsplash.com.











