E«Плошча Леніна», «Кастрычніцкая», «Маскоўская» – мінчанам добра вядомы назвы станцый першай лініі метро. Але чаму пры выбары назваў не карысталіся мясцовымі тапонімамі? І на якія назвы іх можна памяняць
Будаваць першую лінію Мінскага метрапалітэну пачалі ў 1977 – праект быў амбіцыйным, у яго рэалізацыі ўдзельнічала каля 250 прадпрыемстваў. За сем гадоў атрымалася пабудаваць восем станцый – ад «Маскоўскай» да «Інстытута Культуры».
Першапачаткова планавалася, што лінію назавуць «Валгаградскай». Але на пачатку 80-х гадоў мінскія ўлады перадумалі. Уласна станцыя «Маскоўская» атрымала адпаведнае афармленне ў выглядзе пано з выявай Крамля і маўзалея Леніна. Колеры – белы і залаты, таксама выкарысталі невыпадкова. Праз іх адлюстравалі вобраз «белакаменнай і златаглавай» Масквы. Але саму назву станцыі напісалі ўсё ж такі па-беларуску.
Аляксандр Пашкевіч: «Адбілася жаданне лішні раз прагнуцца перад Масквой»
– У савецкія часы ўлады менш за ўсё думалі пра захаванне гістарычнай тапанімікі – усё пераймяноўвалася пры патрэбе і жаданні даволі масава і без асаблівых бюракратычных праблем. А новым аб’ектам часцей за ўсё давалі савецкія ідэалагічна афарбаваныя назвы, многія з якіх не мелі ніякага дачынення да канкрэтнай мясцовасці.
Калі казаць непасрэдна пра выбар назваў для станцый мінскага метро гэтай лініі, то адмысловай ідэалагізацыі не праводзілася. Проста за аснову быў узяты прынцып, што станцыі ў большасці выпадкаў называліся ў адпаведнасці з найбольш значнымі і прыкметнымі наземнымі аб’ектамі, да якіх яны вялі. Адзіным выключэннем тут, бадай, з’яўляецца толькі станцыя «Маскоўская», бо ў той час, як яе будавалі і называлі, нічога вельмі значнага з назвай «Маскоўскі» у гэтым раёне не было.
Вуліца Маскоўская, як вядома, у Мінску ёсць, але знаходзіцца на процілеглым канцы гэтай лініі, а аўтавакзал «Маскоўскі» тады яшчэ толькі праектаваўся. Таму назву гэтай станцыі сапраўды можна лічыць адмыслова ідэалагізаванай. Прытым тут адбілася не толькі камуністычная, але і агульнакаланіяльная матывацыя – жаданне лішні раз прагнуцца перад Масквой. Але гэты выпадак усё ж не тыповы.
«Назвы станцый адлюстроўвалі выключна сучасны стан»
– Тапонімы усе мясцовыя, бо, напрыклад, і плошча Леніна, і Кастрычніцкая плошча, і парк Чалюскінцаў, нягледзячы на ідэалагізаванасць іх назваў, знаходзіліся ў Мінску, а не ў нейкім іншым месцы. На старым участку Маскоўскай лініі, пабудаванай у савецкія часы, такіх не было зусім – назвы станцый адлюстроўвалі выключна сучасны стан, а ніякіх спробаў апеляцыі да гісторыі не рабілася. Такім быў дух таго часу. І такім быў абраны пры называнні станцый агульны прынцып.
Іншая рэч – тыя ўчасткі, якія дабудоўваліся да гэтай лініі ўжо ў ХХІ стагоддзі, у незалежнай Беларусі. Там ужо якраз наадварот, у назвах усіх без выключэння станцый яскрава ўвасобілася жаданне захаваць акурат гістарычную тапаніміку. «Грушаўка», «Міхалова», «Пятроўшчына», «Малінаўка», «Уручча» – гэта ўсё назвы ранейшых вёсак, якія ўвайшлі ў склад Мінска і ад некаторых атрымалі назву цэлыя сучасныя мікрараёны. Як і «Барысаўскі тракт» – назва гістарычнага аб’екта, якога цяпер няма.

Мінскі метрапалітэн. Фота: Andrew Keymaster, Unsplash.com.
Гісторык (папрасіў пра ананімнасць): «Маскоўскую назваць “Касмічнай”, а “Парк Чалюскінцаў” – “Батанічным садам”»
– Калі першай лініі мінскага метро давалі назву, атрымалася масла маслянае – у адным баку ў нас была вуліца Маскоўская, а ў другім кінатэатр «Масква». Так у трох кропках горада з’явіліся ні з чым не звязаныя «маскоўскія» назвы.
Гэтую станцыю варта было бы перайменаваць хаця б таму, што яна проста ні да нічога не прывязаная. Калі б пыталіся мяне – я б надаў назву Францыска Скарыны. Таксама побач з станцыяй ёсць абсерваторыя, таму б можна было назваць яе «Касмічная». Акрамя таго «Маскоўская» знаходзіцца бліжэй за ўсё да вуліцы Каліноўскага – можна і ў гэты бок пакрэацівіць.
І яшчэ адна кур’ёзная назва – плошча Леніна, бо цяпер яе ў горадзе няма. Ёсць нават жарт: як знайсці ў Мінску плошчу Леніна? Шырыню Леніна памножыць на даўжыню.
З назвай станцыі Парк Чалюскінцаў таксама можна было бы нешта прыдумаць. У канцы 80-х нават быў свой мем – яе называлі парк сківіцоўцаў. Але цяпер варта быць знаўцам, каб успомніць, хто такія чалюскінцы. Было бы лагічнее прывязаць назву да сучасных аб’ектаў – ну хаця б Батанічнага саду, які быў закладзены яшчэ ў 30-ыя гады мінулага стагоддзя.
Пры перайменаванні станцый можна звярнуць увагу на геаграфічныя назвы вёсак, якія раней знаходзіліся на гэтых месцах. Напрыклад, як паступілі з Грушаўкай.
Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.
Фота: Emir Güngören, Unsplash.com.











