Мінская сям’я шукала кватэру ў Варшаве, а ў выніку купіла дом у іпатэку ў прыгарадзе. Аказалася, гэта танней, чым здымаць жыллё або набываць нерухомасць у самім горадзе. Пачытайце гісторыю пра тое, як выгадна быць гібкімі ў сваіх рашэнях. Фоты класнага дома прыкладаюцца.
Юля разам з мужам Дзімам і двума дзецьмі пераехалі з Мінска ў Варшаву тры гады таму – кампанія Дзімы рэлакавалася ў Польшчу. Трэба было зняць чатырохпакаёвую кватэру: дзеці разнаполыя, а мужу неабходны кабінет для працы дома. Падыходзячы варыянт знайшоўся ў раёне Жалібож – праўда, цана была даволі высокай.
«Нікому не раю пераязджаць у Польшчу позняй восенню: голыя дрэвы, цемра ўжо ў чатыры гадзіны дня – я жахнулася і першы час ніяк не магла палюбіць Варшаву з яе шэрасцю, дажджамі і туманамі, – успамінае Юля. – Затое муж адаптаваўся хутка: палюбіў Польшчу з яе непрацоўнымі нядзелямі і паўсюднымі ўпрыгажэннямі да свят – тады якраз быў Хэлоўін».
Праз два гады Юля з Дзімам задумаліся, як выбудаваць сваю будучыню. Дзеці пайшлі ў садок і школу, вывучылі польскую мову, Юля занялася настрыфікацыяй свайго медыцынскага дыплома... З’явілася класічнае пытанне: а ці не варта купіць кватэру ў іпатэку і аддаваць тыя ж грошы, а лепш нават меншыя, за ўласнае жыллё? «Мы задумаліся пра сваю кватэру ў студзені, а ў маі ўжо купілі дом», – смяецца гераіня.




Восенькі Брвінуў – гарадок пад Варшавай.
Як шукалі жыллё: «Чорны ўнітаз і залатыя шпалеры – нам гэта зусім не падыходзіла»
Шукалі кватэру плошчай мінімум 75 м2, з двума асобнымі дзіцячымі пакоямі і вялікай гасцёўняй, таму што сям’я вельмі любіць прымаць гасцей. Акрамя таго, жыллё абавязкова патрабавалася з рамонтам. Але ўсе нядрэнныя варыянты, вядома ж, аказаліся дарагімі: кватэры нават за 1 800 000 злотых (каля 494 000 долараў) у Жалібожы разляталіся як гарачыя піражкі.
Пачалі глядзець раёны далей ад цэнтра горада, але і там нічога добрага не знайшлі: «Чытаем загалоўкі “бардзо элеганцкі рамонт”, прыходзім, а там... Не тое каб мы вельмі пераборлівыя людзі, але чорны ўнітаз, сцяна з залатымі шпалерамі ў гэтым жа ванным пакоі, жоўта-чырвоныя сцены ў гасцёўні – нам гэта зусім не падыходзіла».
У выніку рыелтарка прапанавала разгледзець варыянт з загараднымі дамамі, блізнякамі (bliźniak – катэдж на дзве сям’і) або таўнхаусамі. Як правіла, гэта вялікія метражы, ад 100 м2, са сваім участкам зямлі. Часцей за ўсё яны прадаюцца без рамонту, але рабяты глядзелі дамы ад фліпераў – людзей, якія купляюць дамы, робяць у іх бэжава-мінімалістычны рамонт, прадаюць і зарабляюць на гэтым.


Вось такі сімпатычны класічны рамонт прапануецца ў дамах ад фліпераў. На фота – гасцёўня сям’і.
Як выбралі Брвінуў: «Тут толькі могілкі. Я катэгарычна супраць!»
Пары прапанавалі паглядзець два дамы ў Брвінуве – прыгарадзе прыкладна за 15 кіламетраў ад Варшавы. Увечары перад праглядам Юля і Дзіма якраз праязджалі Брвінаў, і ён ім страшна не спадабаўся: «Канец лютага, вечар, цёмна, непрыемна, едзем па нейкім стомленым прыватным сектары – становішча абсалютна нагнятала, – апісвае сітуацыю дзяўчына. – Я разумею, што не хачу тут жыць. Кажу: давай адмяняць сустрэчу на заўтра.
Але прагляд у нас а восьмай раніцы, а цяпер ужо амаль дзевяць вечара. Думаю, мы ўсё ж такі беларусы, стараемся нікога не крыўдзіць. Чаго так позна непакоіць людзей. Вырашылі з’ездзіць».
У дзень прагляду Юля паўтарала Дзіму: «Гэта жудасная мясціна, тут нічога няма, як мы будзем тут жыць? Тут толькі могілкі. Я катэгарычна супраць!»
Але, як толькі пара зайшла ў дом, задалася пытаннем: чаму яго яшчэ ніхто не купіў? Адэкватны кошт, выдатны акуратны рамонт, цудоўная вышыня кухні, бяспечная для дзяцей лесвіца, якасная сантэхніка і ўсе бытавыя прыборы. Юля выйшла на двор і сказала: «Дзіма, паглядзі, які цудоўны горад! Вакол лес, тут спакойна, няма высокай забудовы. Па дрэвах бегаюць вавёрачкі. Мы купім велікі!..»

Дом Юлі, Дзімы, Антона і Дашы.


Кухня.
Колькі каштуе жыць у сваім доме: месячны плацеж меншы за арэнду кватэры
Рыелтарка дапамагла рабятам аформіць дакументы і нават выгандлявала невялікі працэнт. Ніякага падвоху ў скідцы няма – проста людзі, якія пабудавалі дом, раз’язджаліся і хацелі прадаць яго хутчэй.
Дом набыты ў іпатэку. Рабяты не называюць кошт, але адзначаюць, што месячны плацеж (rata kredytu) меншы за арэнду кватэры, якую яны здымалі.
У доме два паверхі. На першым размяшчаецца прыхожая з двума дзвярамі – у гараж і ў сам дом, – кухня-гасцёўня, кабінет і санвузел. На другім паверсе – спальня, два дзіцячыя пакоі, ванны і гаспадарчы пакоі. Непасрэдныя суседзі жывуць у другой частцы дома, праз гараж, так што іх не чуваць, ніхто нікому не перашкаджае.


Прыхожая: уваход у дом і ўваход у гараж.


Кабінет гаспадара дома і санвузел на першым паверсе.


Лесвіца і другі паверх.
У доме практычна не прыйшлося нічога перарабляць. Змяненням падвергнуўся толькі пакой сына – у папярэдніх гаспадароў там быў кабінет.


Пакой школьніка Антона, які вельмі цікавіцца космасам і цяпер хоча стаць «касмічным поварам».


«Тут сапраўды вельмі ціха, вакол лес – гэта проста выдатна, – пералічвае плюсы Юля. – Недалёка знаходзіцца чыгуначная станцыя, дарога да цэнтра Варшавы займае ўсяго 25 хвілін. Практычна ва ўсіх дамах вакол жывуць сем’і з дзецьмі. Амаль усе нашы суседзі – класныя палякі, так што практыкуем мову, паглыбляемся ў культуру. І ў прынцыпе тут неяк запавольваешся, адпачываеш ад гарадскога жыцця».


Ванны і пральна-гаспадарчы пакоі.


Спальня гаспадароў дома.


Пакой маленькай Дашы.
Юля смяецца, што можа параўнаць сваё жыццё ў гэтым мікрараёнчыку Брвінува з жыццём вуліцы Вістэрыя Лэйн з серыяла «Адчайныя хатнія гаспадыні». Ну, ці з беларускім аграгарадком... З мінусаў называе поўную адсутнасць інфраструктуры ў крокавай даступнасці (ні крам, ні аптэк, ні нават «Жабкі» паблізу няма), а таксама тое, што ўсе сябры засталіся ў горадзе. Так што іх заўжды чакаюць на сумесныя шашлыкі.




Тэрыторыя прыемнага баўлення часу.
У Брвінуве працуюць дастаўкі, і ўсё ж для перамяшчэння ў прыгарадзе неабходна машына. На шчасце, і Дзіма, і Юля водзяць аўто.
Дачка пайшла ў звычайны дзяржаўны дзіцячы садок недалёка ад дома. Юля кажа, што садок зусім новы, там вельмі прыемнае кіраўніцтва і выхавацелі, маленькія групы і індывідуальны падыход да дзяцей.
А сын пары пайшоў у прыватную школу ў суседнім гарадку. Бацькі вельмі задаволеныя, бо ў Варшаве прыватная школа каштуе каля 4000 злотых у месяц (прыкладна 1100$), а тут значна танней – 1500 злотых (410$), у тым ліку харчаванне і ўсе гурткі. Ды і ў класе ўсяго 12 чалавек.
Юля лічыць, што купля нерухомасці разам з рыелтаркай пазбаўляе ад шматлікіх пытанняў, якія складана прадумаць і вырашыць самастойна. Што тычыцца іпатэкі, сям’я ўнесла 30% сваіх сродкаў, прадаўшы нерухомасць у Беларусі. Прыемны момант – польскія банкі цяпер зніжаюць працэнты, і літаральна праз два месяцы жыцця ў сваім доме ў Брвінуве рабяты перакрэдытаваліся і змаглі паменшыць месячную плату за дом.
«Ці было нам страшна? Так. І недзе страшна да гэтага часу, таму што мы цяпер жывём у зусім нестабільным свеце. Але ў нас нарэшце з’явілася адчуванне сапраўднага дома».

Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.
Фота: з асабістага архіва герояў.