Ужо некалькі месяцаў валанцёры з Наваполацка аднаўляюць мазаічныя пано, якімі ўпрыгожаны будынкі горада, – у лічбавым фармаце. CityDog.io паразмаўляў з аўтаркай праекта і даведаўся, як нарадзілася ідэя і хто дапамагае захаваць савецкі стрыт-арт Наваполацка.
Наваполацк – адзіны ў Беларусі горад, дзе мазаічнымі пано ўпрыгожаны цэлы мікрараён. Гэта стала магчыма дзякуючы мастаку Віктару Лук’янаву. Для кожнага будынка выбіралі асобны сюжэт, а для кожнага пад’езда – колер. Так напрыканцы 70-х тыповая забудова Наваполацка стала адлюстраваннем беларускага манументальнага мастацтва.
Убачыць пано на пад’ездах горада можна і сёння. Але за 50 гадоў мазаіка пашкодзілася, а ў некаторых месцах фрагменты ўвогуле страчаны.


Мазаікі ў Наваполацку. Фота: мапа мазаік горада
Іх аднаўленнем у лічбавым фармаце займаюцца валанцёры, якія запусцілі прыватны праект па захоўванни мазаік. CityDog.io паразмаўляў з аўтаркай праекта.
«Мазаікі знікаюць з пад’ездаў піксель за пікселем»
– Я не прафесійная мастацтвазнаўца, але ведаю, што наваполацкія арт-аб’екты – унікальная з’ява. Іх дызайны нідзе не паўтараюцца, а ў распрацоўцы бралі ўдзел мастакі з Віцебскай мастацкай майстэрні.
Калі я прыязджала ў родны Наваполацк, кожны раз думала, што аднойчы сфатаграфую ўсе цудоўныя савецкія мазаікі. Яны знікаюць з пад’ездаў піксель за пікселем з-за няўмольнага бегу часу і грэбавання камунальных службаў.
Дзякуючы праекту «Беларускі код» даведалася, што гэту працу ўжо зрабілі супрацоўнікі гарадскога музея Наваполацка. Яны склалі каталог і зрабілі карту з іх месцазнаходжаннем. З вялікім «але» – мазаікі фатаграфавалі ў сучасным выглядзе: брудныя, часткова абсыпаныя, са слядамі фарбы і клею. І ўсё гэта на фоне недагледжаных пад’ездаў.
Тады мы вырашылі аднавіць мазаікі, хаця б у выглядзе фотаздымкаў. Упершыню зрабілі гэта ў маі 2025 года – пачалі з пано на пад’ездзе майго дзяцінства.
«Аднаўленне мазаік – гэта хуткі дафамін»
Наваполацкія мазаікі разбілі на некалькі катэгорый: космас, прырода, беларуская культура, знакі задыяка і спорт. Цяпер лічбава апрацаваныя мазаікі аўтары праекта дадаюць на платформу GitHub. Публічны доступ да галерэі адкрыюць, калі назапасіцца дастатковая колькасць матэрыялаў.
– Мой фокус – сам працэс рэстаўрацыі, – расказвае аўтарка. – Спачатку я спрабавала аднаўляць знішчаныя фрагменты пры дапамозе нейрасетак, але няўдала.
Тады я пачала рабіць гэта ўручную ў графічным рэдактары. Капірую асобныя дэталі, якія супадаюць па колеры і форме, і паступова запаўняю страчаныя фрагменты. На кожную мазаіку сыходзіць ад 4 да 15 гадзін, але гэта хуткі дафамін – вынік бачны адразу.
Галоўная складанасць у тым, што некаторыя пано моцна пашкоджаны. Таму часам немагчыма зразумець, якой была першапачатковая задума мастакоў. Адзіны спосаб даведацца пра гэта – прыцягнуць жыхароў, у якіх, магчыма, захаваліся старыя здымкі пад’ездаў, тады іх можна выкарыстаць як рэферэнсы. Мы будзем вельмі ўдзячныя людзям, якія маглі б падзяліцца з намі такімі фота.




Мазаікі, які аднавілі валанцёры. Фота: novopolock.mosaics.restored
«Мы пачалі барацьбу з энтрапіяй»
Пакуль што для аднаўлення мазаік валанцёрам патрабуецца толькі ноўтбук і вольны час. Усё робіцца дабрачынна – ніякіх грошай ад дзяржавы аўтары праекта не атрымліваюць.
– У маіх сілах паступова аднаўляць мазаікі і стварыць каталог, якім могуць карыстацца іншыя спецыялісты. Мазаік шмат – каля двухсот. Таму праца па аднаўленні будзе доўжыцца да двух гадоў.
У самых смелых марах я ўяўляю, што знойдуцца рэсурсы аднавіць муралы ў рэальнасці. Дзесьці спатрэбіцца проста чыстка, а некаторыя давядзецца перакладваць наноў. Спадзяюся, мая праца стане дапамогай у гэтым.
Яшчэ я вельмі хачу стварыць pop-up-кнігу з аб’ёмнымі выявамі пад’ездаў і будынкаў, якія будуць разгортвацца, калі старонка адкрываецца. А таксама прынты мазаік можна выкарыстоўваць для мерча Наваполацка.
Недахоп сродкаў на рэканструкцыю пано пагражае тым, што праз некалькі гадоў ужо не будзе чаго аднаўляць. Разуменне гэтага і прымусіла нас пачаць барацьбу з энтрапіяй.


Мазаіка на пад’ездзе і мазаіка пасля аднаўлення. Фота: novopolock.mosaics.restored
Перепечатка материалов CityDog.io возможна только с письменного разрешения редакции. Подробности здесь.
Фото: novopolock.mosaics.restored.