Петрусь Броўка пасварыў бацькоў пяцікласнікаў. Што адбываецца?

Апошні тыдзень у сацсетках беларускія бацькі актыўна абмяркоўваюць верш Петруся Броўкі. Адна з карыстальніц палічыла, што твор складаны, асабліва для пяцікласнікаў. CityDog.io папрасіў філалагіню і настаўніцу Паліну Маслянкову патлумачыць, хто мае рацыю.

Апошні тыдзень у сацсетках беларускія бацькі актыўна абмяркоўваюць верш Петруся Броўкі. Адна з карыстальніц палічыла, што твор складаны, асабліва для пяцікласнікаў. CityDog.io папрасіў філалагіню і настаўніцу Паліну Маслянкову патлумачыць, хто мае рацыю.

Што за верш, які пасварыў бацькоў?

Канфлікт разгарэўся вакол верша Петруся Броўкі «Калі ласка». Твор уваходзіць у школьную праграму для пяцікласнікаў. Часамі дзецям трэба вучыць яго на памяць. У вершы 27 радкоў.

У любімай мове, роднай, наскай,

Ах, якія словы: «Калі ласка!..»

Як звіняць яны сардэчнаю струною,

Праз усё жыццё ідуць са мною.

Трапіць госць у будзень, а ці ў свята:

– Калі ласка, калі ласка, ў хату!

Фрагмент верша «Калі ласка» Петруся Броўкі.

Адну з карыстальніц TikTok абурыла, што пяцікласнікаў прымушаюць вучыць такі «складаны для разумення» верш. На думку жанчыны, «Калі ласка» нават не кожны дарослы зразумее, а што ўжо тады казаць пра дзяцей.

«Министерство образования, куда вы смотрите, что вы делаете? Это не стихотворение, это непонятно что. Никакой рифмы. Что-то с чем-то. Я, взрослый человек, прочитав, наверное, раз 20, не запомнила ничего», – падзялілася сваім меркаваннем жанчына.

@djefamily Очень редко высказываюсь но тут меня бомбануло. Обидно за наш язык. Да, мы не говорим на беларуском языке. Но это не значит что его нужно забыть, не учить и притеснять. Это наше достояние! Это наше родное!!!!#беларусь🇧🇾 #белмова #забацьку🇧🇾 #забеларусь #могилев ♬ оригинальный звук - DjeFamily

 

Публікацыя беларускі выклікала бурную рэакцыю. Бацькі пачалі запісваць відэа ў адказ, даказваючы, што верш лёгкі. Іншыя наўпрост зачытвалі твор Броўкі на камеру. Трэція – здымалі дзённікі дзяцей, якія атрымалі 10 балаў за дэкламацыю «Калі ласка».

 

Беларуску Анастасію абурыла, што верш палічылі складаным. Жанчына кажа, што ёй «надакучыла слухаць лухту ад дарослых людзей». І нагадвае, што беларуская мова – наша родная.

«Мой ребенок также пришел из школы и начал плакать и возмущаться, что стих очень большой. Но моя задача как родителя – сесть с ним и разобрать каждый столбик», – лічыць Анастасія.

@anastasia.brain Вот накипело честно!!!! И надоело слушать чушь от взрослых людей #беларусь #беларускаямова #верш #калiласка ♬ оригинальный звук - anastasia.brain

 

У дыскусію ўключылася і былая настаўніца беларускай мовы і літаратуры Кацярына. Жанчына пагаджаецца: вучняў сапраўды палохае памер верша. Але, калі яны прыходзяць на наступныя заняткі, «выдатна расказваюць верш, а ў слупок выстаўляецца куча “дзясятак”».

 

Кацярына дадае, што пяцікласнікам абавязкова трэба вучыць вершы, бо гэта развівае іх кагнітыўныя здольнасці.

Хто мае рацыю? Адказвае экспертка

Каб зразумець, хто ў канфлікце ўсё ж такі мае рацыю, CityDog.io звярнуўся да філалагіні, настаўніцы і папулярызатаркі беларускай мовы Паліны Маслянковай.

Філалагіня, настаўніца беларускай мовы

– Насамрэч верш «Калі ласка» вельмі просты, у ім базавая лексіка, якая, паводле міжнародных стандартаў, нават укладваецца ў лексічны мінімум узроўню А1-А2. Гэта побытавыя рэчы: чарка, шкварка, печ, каўбаска, бульба, патэльня, хата. І тэма вельмі простая – пра гасціннасць, ветлівасць і шчасце на розных узроўнях.

У рускай літаратуры куды больш доўгія і складаныя вершы праходзяць і вучаць на памяць – і чамусьці ніхто не абураецца. Хаця ёсць бацькі, якія выступаюць за тое, каб замест рускай класікі дзеці чыталі замежную літаратуру.

Дарэчы, у еўрапейскіх краінах нашмат радзей дзеці вучаць вершы на памяць, чым у постсавецкай школе. Здаецца, гэта плюс, дзе-нідзе нават дамашніх заданняў не задаюць, дзеткам нібы прасцей. Але я лічу гэта мінусам. Бо вершы – гэта не толькі і не столькі трэніраванне гнуткай дзіцячай памяці, колькі фарміраванне культурнага кода, агульных для нацыі прэцэдэнтных тэкстаў. І выхаванне любові да паэзіі, а Беларусь – гэта краіна паэтаў.

Вінаваты бацькі, школа ці русіфікацыя?

– Тут праблема ў стаўленні бацькоў да беларускай мовы і літаратуры. На жаль, большасць бацькоў дашкалят «берагуць» сваіх дзяцей ад беларускіх кніжак і мульцікаў. А потым раптоўна, але насамрэч цалкам прадказальна беларуская мова і літаратура для дзіцяці становіцца занадта складанай, бо гучыць як замежная. Такія бацькі з радасцю б пазбавілі сваіх дзяцей гэтых прадметаў, як гэта было за савецкім часам, бо яны не адчуваюць каштоўнасці ў роднай мове, літаратуры і культуры.

А чаму не адчуваюць? Бо беларуская мова не з’яўляецца сацыяльным ліфтам, яна не прыносіць фінансавых бонусаў, на ёй няма вышэйшай адукацыі, яе няма на тэлебачанні і на кіраўнічых пасадах. Прагматычнаму чалавеку прасцей абурыцца, чаму гэта дзіцяці задалі вывучыць такі вялізны верш, чым сесці з дзіцем і разабраць незразумелыя словы і сэнс кожнага слупка. Бо сапраўды дужа цяжка вучыць тэкст, не разумеючы яго сэнсу.

Наша школьная праграма ўсё яшчэ абапіраецца на тое, што дзеці ведаюць беларускую мову з нараджэння, але шмат дзе гэта ўжо не так. І тут адказнасць на бацьках, што не навучылі, не падрыхтавалі да школы. Дзе вы бачылі беларускую мову на развівальных занятках для дашкалят? Я сама праходзіла практыку ў шостым класе – і дзеці не маглі пераказаць сваімі словамі толькі што прачытаную ў класе казку! Я ўжо не кажу пра абмеркаванні і свае думкі.

Але пры гэтым я мяркую, што і школа не мусіць заплюшчваць вочы на сітуацыю ў грамадстве. Трэба перастаць лунаць у ілюзіях, што беларусы ведаюць беларускую мову на генетычным узроўні. Гэта не так. Таму ў заняткі беларускай мовай варта дадаваць метады вывучэння мовы як замежнай: больш вучыць не пісаць, а размаўляць, большы акцэнт рабіць на лексіцы, а ўжо потым на граматыцы. На жаль, сённяшнія праграмы і падручнікі ігнаруюць рэальны стан валодання беларускай мовай школьнікамі.

Chuttersnap. Фота: Unsplash.com.

- Як заахвоціць дзіця вывучаць беларускую мову?

– Калі ўсё ж бацькі хочуць дапамагчы сваім дзецям, то варта з дзяцінства чытаць кніжкі па-беларуску, ставіць аўдыякніжкі («Кніжны воз»), пакуль дзіця малюе ці збірае канструктар або пакуль вы едзеце на машыне, слухаць беларускую музыку, глядзець мульфільмы і фільмы па-беларуску («Кінакіпа»), ездзіць у вандроўкі па Беларусі, глядзець тыктокі беларускіх блогераў.

Ад пачатку варта самім цікавіцца беларушчынай, тлумачыць незнаёмыя словы і выразы, вучыць дзіця карыстацца слоўнікам, падсоўваць нешта цікавае і сучаснае па-беларуску.

Калі ж дзіця пратэстуе супраць беларускай мовы ці літаратуры, то варта разабрацца, што канкрэтна выклікае пратэст. Можа, прычынай пратэсту з’яўляецца грэблівае стаўленне бацькоў? А можа, гэта дзіцячая стомленасць і стрэс? Або пазіцыя настаўніцы? Магчыма, гэта страх публічных выступаў? Можа, дзіця проста баіцца выходзіць да дошкі?

Я дык пачынала вучыць вершы за тыдзень. Для мяне запомніць верш было нават складаней, чым прозу. І калі ў дзіцяці такая праблема, то гэта варта ўлічваць і пачынаць вучыць верш адразу, як толькі яго задалі, бо напамін пра тое, што на заўтра трэба вывучыць верш з 27 радкоў, можа выклікаць паніку. І тады прасцей будзе сапраўды запісаць абураны тыкток з крытыкай да Міністэрства адукацыі, чым дапамагчы ўласнаму дзіцяці наладзіць навучальны працэс.

 

 

Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.

Фота: Fiona Murray-deGraaff, Unsplash.com.

#Беларусь
Еще по теме:
«Я беларуска, чаму б мне не весці блог па-беларуску?» Блогеры расказваюць, як пераходзілі на беларускую мову (і даюць добрыя лайфхакі)
Тоже хотите перейти на беларускую мову? Беларускамоўныя минчане делятся работающими лайфхаками
«Некоторые буквально сидят в шкафу». Блогерка раскрыла закулисье беларуской озвучки фильмов
поделиться