З’явілася новае беларускае выдавецтва. Першы праект – мастацкае асэнсаванне прапаганды

Незалежнае выдавецтва «Tамака» ў канцы ліпеня пачало сваю працу з выпуску фотакнігі Машы Святагор Everybody Dance! – праекта, які даследуе, як візуальныя вобразы ўплываюць на калектыўную памяць і палітычнае ўспрыманне.

Незалежнае выдавецтва «Tамака» ў канцы ліпеня пачало сваю працу з выпуску фотакнігі Машы Святагор Everybody Dance! – праекта, які даследуе, як візуальныя вобразы ўплываюць на калектыўную памяць і палітычнае ўспрыманне.

«Tамака» – новае незалежнае беларускае выдавецтва, якое спецыялізуецца на кнігах пра мастацтва, фатаграфію, дызайн і архітэктуру. Каманда, мастакі і падрадчыкі знаходзяцца ў розных краінах Еўропы, але аб’яднаны жаданнем расказваць пра адметных, але малавядомых мастакоў.

Сайт новага выдавецтва. Фота: Tamaka.eu.

«Мы супрацоўнічаем з рознымі аўтарамі, але асноўную ўвагу надаём тым, хто звязаны з Беларуссю. Наша місія – дапамагаць іх галасам быць пачутымі. Мы хочам даць ім магчымасць удзельнічаць у арт-працэсе з той самай значнасцю і прызнаннем, што і іншыя еўрапейскя мастакі. Але наогул мы гэта робім таму, што яно нам вельмі падабаецца!» – напісала каманда на сваім сайце.

Першая кніга выдавецтва – фотапраект Everybody Dance! візуальнай мастачкі і фатографкі Машы Святагор. Гэта і дэбют «Tамака», і першая персанальная кніга аўтаркі. Над ёй працавала міжнародная каманда з васьмі спецыялістаў.

Гэты праект заснаваны на сямігадовым мастацкім даследаванні: Святагор працуе з архіўнымі савецкімі выявамі, пераасэнсоўваючы іх ідэалагічную функцыю. Яна стварае новыя сюррэалістычныя апавяданні з дапамогай тэхнікі аналагавага калажу і метаду фотамантажу.

Акрамя кнігі, выдавецтва прапануе і аўтарскія прынты з серыі Everybody Dance! Напрыклад, «Пацалунак» і «Маладыя» цяпер можна купіць за 350 еўра. Кожны з іх выдадзены абмежаванай колькасцю ўсяго ў 10 асобнікаў.

 

Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.

поделиться