Беларуская кандытарская фабрыка «Камунарка» ўчора, 11 верасня, паказала новую серыю цукерак пад назвай «Родныя словы». На ўпакоўцы – беларускія словы з арнаментамі.
На ўпакоўках напісаны беларускія словы: напрыклад, «Пяшчота», «Удзячнасць», «Ціхамірнасць», «Натхненне» і іншыя, а таксама ёсць арнаменты.

Новая серыя цукерак. Фота: @Kommunarka.by, Instagram.com.
«Гэта пачастунак з асаблівым сэнсам. Мы стварылі ўнікальны дызайн этыкеткі: на кожнай вы знойдзеце цікавыя беларускія словы з унікальным арнаментам. Гэта магчымасць паглыбіцца ў прыгажосць мовы і традыцый, проста смакуючы любімыя цукеркі», – піша каманда «Камунаркі» ў сваіх сацсетках.
Па словах фабрыкі, унутры – знаёмы многім смак: глазураваныя цукеркі з арахісам і вяршкамі.
Прадаюцца яны ў фірмовых крамах і паступова з’яўляюцца ў гандлёвых сетках па Беларусі. Кошт – 20 руб. 35 кап. за кілаграм.
Дарэчы, нядаўна CityDog.io зрабіў падборку апошніх летніх навінак. Там вы знойдзеце ёгурт з шарыкамі як у bubble tea, аўсянку хуткага прыгатавання з двума смакамі, карпача – і не толькі.
Што думаюць беларусы?
У каментарыях пад допісам «Камунаркі» шмат хто выказаў удзячнасць за родную мову і паабяцаў абавязкова купіць гэтыя цукеркі.
«Дзякуй за нашу мову родную! Такія мілагучныя, ласкавыя словы! А словы “пяшчота” і “ўдзячнасць” вяртаюць у дзяцінства», – падзякавала Валянціна.
«Дзякуй за мову! Дзякуй за арнамент! Самае прыгожае слова – “каханне”!» – лічыць Ірына.
«Як прыемна бачыць такую прыгажосць», – напісала Іна.
«Не люблю конфеты кушать, но с таким названием с удовольствием куплю для угощения дорогих сердцу людей!» – падзялілася Ірына.