У Мінску мастак Павел Малаткоў працуе з металам і робіць упрыгажэнні, якія выглядаюць як натуральныя насякомыя. У яго калекцыі – кулоны і брошкі ў выглядзе скарабеяў, божых каровак, бражнікаў, павукоў і іншых істот. Усё вырабляецца ўручную.
Павел Малаткоў вырабляе ўпрыгажэнні пад замову. Напрыклад, можа зрабіць кулон-бражнік (120 руб.), брошкі-скарабеі (150 руб.), брошку ў выглядзе павука з доўгімі нагамі (200 руб.), брошкі-багоўкі (божыя кароўкі, 90 руб.), брошкі ў выглядзе невялікіх жучкоў з малахітам (ад 90 да 100 руб.).


У майстра ёсць шоурум у Мінску (вул. Веры Харужай, 29, памяшканне 405г), але ён працуе без прадаўца ў рэжыме самаабслугоўвання, пад відэаназіраннем і толькі па папярэдняй дамоўленасці.
Каб трапіць унутр, пакупнік павінен:
- узгадніць час візіту праз паведамленне ў Instagram або Telegram;
- паведаміць імя, прозвішча і нумар тэлефона;
- атрымаць код доступу да шоурума.
«Шоурум працуе ў рэжыме самаабслугоўвання, пад відэаназіраннем. Я буду прысутнічаць анлайн, пры неабходнасці змагу вас пракансультаваць праз Instagram, Telegram. Калі ласка, будзьце сумленнымі і выконвайце парадак. За сабой пакідаю права адмовы ў наведванні без тлумачэння прычыны», – кажа Павел.
Што думаюць беларусы?
У каментарыях пад допісам Паўла ў Threads, дзе ён паказвае адно са сваіх упрыгажэнняў, многія беларусы падумалі, што насякомае сапраўднае.
«Я подумала, что настоящий. Никто его на вас не пытался прихлопнуть?» – спытала Аксана.
«Ох, как красиво», – напісала Каця.
«Жизнь насекомых прям», – лічыць Настасся.
Фота: @molotkov.design.