У мінскай кнігарні і спэшалці-кавярні MARKS на Карла Маркса, 11, з’явілася фотакніга BELARUS фатографкі Касі Сырамалот @palasatka. Пра гэта каманда паведаміла ў сваіх сацсетках 23 чэрвеня.
Аўтарка фотакнігі на працягу пяці гадоў здымала дэталі беларускай паўсядзённасці – тое, што многія пазнаюць з першага погляду. У кнігу ўвайшлі фатаграфіі вясковых вуліц з рознымі ліштвамі, аўтобусаў, пляжаў, фестываляў, заходаў сонца, палёў і будынкаў, якія асацыююцца з Беларуссю.
«Кніга BELARUS не толькі сакавітая па змесце, але і прыемная навобмацак: вокладка з тканіны, паўпразрыстая супервокладка з пазнавальным беларускім пейзажам, прэміяльная папера – усё гэта робіць кантакт з выданнем эстэтычным досведам. Завітвайце да нас у MARKS і шукайце на фотаздымках улюбёныя месцы і знаёмыя твары», – напісалі ў MARKS.
Дарэчы, гэта не першая кніга мінчанкі. Кася Сырамалот – гэта тая самая фатографка, якая на працягу 10 гадоў падарожнічала па краіне, каб стварыць фотакнігу пра сучасную Беларусь. Яна здымала вялікія гарады, невялікія вёскі, маштабныя падзеі і вулічныя замалёўкі.
Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.
















