Беларускі праект «Умоўныя», які папулярызуе беларускую мову і культуру праз гумар, прадставіў восьмы выпуск «Умоўна геніяльнага шоу». Гэта камедыйная віктарына, у якой смешныя адказы каштуюць амаль столькі ж, колькі і правільныя.
Стваральнікі называюць «Умоўныя» камедыйным праектам, які распавядае гісторыі праз культуру і імкнецца зрабіць беларускае простым, зразумелым і натуральным для штодзённага жыцця.
Іх мэта – каб беларускай мовай карысталіся ў паўсядзённасці гэтак жа натуральна, як і любой іншай мовай у любой іншай краіне. Яны таксама хочуць звяртаць увагу людзей на тое, што ёсць у беларускай культуры, а не на тое, што, на іх думку, навязваюць звонку.
«Умоўна геніяльнае шоу» – гэта беларускае гумарыстычнае шоу, у якім удзельнікі адказваюць на нечаканыя пытанні пра Беларусь. Паводле задумы аўтараў, смешныя адказы ў гэтай віктарыне каштуюць амаль столькі ж, колькі і правільныя. Шоу спалучае гумар, незвычайныя факты і магчымасць даведацца больш пра краіну.
У восьмым выпуску гледачам прапануюць разабрацца:
- як змагацца з пустазеллем;
- каму цяпер нельга набываць месца на могілках;
- адкуль у Шакіры струк.
Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.
















