Цёплае Міжземнае мора, дробны пясок, дарагія гатэлі і рэстараны – гучыць як добры выбар для адпачынку. Але ёсць нюанс: ужо паўстагоддзя курорт закінуты і разрабаваны, а на ўваходзе ў яго вас сустрэнуць узброеныя людзі. Пра сваё падарожжа ў постапакаліптычны квартал на Паўночным Кіпры CityDog.io расказалі магілёўскія айцішнікі Дзіма і Света, якія любяць падарожнічаць і вядуць свой блог пра гэта.
– Нашы сябры жывуць на грэчаскай частцы Кіпра. Апошнія тры гады мы часта ездзім да іх і ўжо нядрэнна даследавалі паўднёвую тэрыторыю вострава, асабліва горад Пафас і яго наваколлі, – расказвае Дзіма. – Даўно хацелі пабываць у горадзе Фамагуста на Паўночным Кіпры, у прыватнасці яго закінутым квартале Вароша.
Да 1974 года востраў Кіпр быў адзінай дзяржавай. Паміж туркамі-кіпрыётамі і грэкамі-кіпрыётамі існавала сур’ёзная напружанасць. У 1974-м сітуацыя абвастрылася, і адбыўся вайсковы канфлікт. У выніку на паўночнай частцы вострава ўтварылася Турэцкая Рэспубліка Паўночнага Кіпра, якая да сённяшняга дня прызнаецца асобнай краінай толькі Турцыяй.
Фамагуста – горад, які аказаўся ў складзе ТРПК. Да канфлікту ён быў папулярным курортам, асабліва вылучаўся турыстычны квартал Вароша: адпачываць тут было прэстыжна, сюды прыязджалі такія зоркі, як Элізабет Тэйлар і Брыжыт Бардо.
З пачатку баявых дзеянняў квартал быў закрыты турэцкімі ўладамі, а яго насельніцтва – выгнана. З часам Вароша ператварылася ў пакінуты людзьмі горад-прывід. Частка раёна адкрыта для наведвання турыстамі з кастрычніка 2020 года.

Курорт Вароша на паштоўцы 1970-х гадоў. Фота: Returntovarosha.blogspot.com.
Мне заўсёды хацелася трапіць у такі закінуты горад, выпрабаваць гэта на сабе, адчуць атмасферу. На жаль, я не быў ні ў Прыпяці, ні ў іншых падобных месцах. З нашымі сябрамі зрабіць гэта пакуль немагчыма – яны жывуць на грэчаскай частцы і хочуць атрымаць кіпрскія пашпарты, а перасячэнне гэтай мяжы можа выклікаць пытанні і лішнюю рызыку адмовы.
Так што ў нашу красавіцкую паездку мы разам з маёй жонкай Светай спецыяльна вылучылі пару дзён на наведванне Паўночнага Кіпра, у прыватнасці Фамагусты.
Да грэчаскага Кіпра мы дабіраліся на самалёце рэйсам Ryanair «Варшава Модлін» – Пафас. На дваіх білеты туды і назад абышліся каля 200€. Да мяжы з Паўночным Кіпрам мы ехалі на мапедзе – хацелася новых цікавых адчуванняў. Арэнда мапеда на 2 дні каштавала 75€.


Аэрапорт Пафаса і бераг мора на паўднёвай частцы вострава, недалёка ад Ларнакі.
Гэта, канешне, няблізка: туды і назад у нас атрымалася каля 400 кіламетраў. Раніцай мы выехалі з Пафаса, даехалі да мяжы і пакінулі мапед там. Многія рэнталы забараняюць перасякаць мяжу з Паўночным Кіпрам, у тым ліку наш: гэта было прапісана наўпрост у дагаворы арэнды.
Абедзве межы перасеклі пешкі, гэта было лёгка і хутка. Ніякіх штампаў не ставяць – толькі ўносяць інфармацыю ў камп’ютар з пашпарта.
«Дарога была атмасферная – з абодвух бакоў абнесеная калючым дротам»
– Ад мяжы да горада Фамагуста мы таксама прагуляліся пехатой. Таксі каштавала 20€, але мы вырашылі зэканоміць і ў выніку ішлі больш за гадзіну, прыкладна 5–7 кіламетраў. Рэкамендую тым, хто захоча там пабываць, усё ж браць напракат машыну ці мапед і загадзя даведвацца, ці можна перасякаць на вашым арандаваным транспарце гэту мяжу (у цэлым гэта не забаронена). Я чытаў, што ў такім выпадку на турэцкім баку проста давядзецца заплаціць страхоўку, для машыны каля 20€.
Дарога была атмасферная: з абодвух бакоў яна поўнасцю абнесена калючым дротам, за якім стаяць прыватныя дамы, закінутыя з 1970-х гадоў. Па баках дарогі кожныя метраў 100 вісяць знакі, што фатаграфаванне забаронена, пры гэтым людзей там няма – гэта буферная дэмілітарызаваная зона, якая кантралюецца ААН.


Таблічка пры ўездзе на турэцкі бок і знакі, якія забараняюць любую здымку. «Выклікалі трывогу, але побач нікога не было – і цікавасць сфоткаць узяла верх».
Што адразу кідаецца ў вочы – гэта розніца ва ўзроўні жыцця. Менавіта ў гэтай частцы Паўночнага Кіпра людзі жывуць бядней, чым у паўднёвай, нават жылыя дамы і машыны ў стомленым стане. Кантраст вельмі моцны.
Большая частка квартала Вароша ў горадзе Фамагуста да гэтага часу недаступная. Каля ўвахода ў раён, дазволены да наведвання турыстамі, стаіць спецыяльны пост з турэцкай аховай. Сек’юрыці ўбачылі, што я здымаю тое, што адбываецца, на камеру, і пачалі распытваць, хто мы: журналісты ці блогеры? Я сказаў, што здымаю для сябе.


Закінуты дылерскі цэнтр Toyota. Уваход ва ўсе будынкі Варошы забаронены, але вядома, што ўнутры захаваліся «новыя старыя» аўтамабілі.
Але галоўны трыгер для ахоўнікаў – каб пры сабе ў турыстаў не было дронаў. Яны агледзелі наш заплечнік, перапытвалі, папярэджвалі, што за здымку з дрона будуць вялікія праблемы. Справа ў тым, што на гэтай тэрыторыі ў іх нейкія вайсковыя аб’екты. Акрамя таго, у турыстычнай зоне ёсць асобныя часткі, дзе стаяць шлагбаумы з вайскоўцамі. Як толькі падыходзіш да іх, яны забараняюць здымаць іх нават знадворку.
Ахоўнік спытаў, адкуль мы, і на адказ «з Беларусі» сказаў: «Окей». Пасля ён пацікавіўся, дзе мы жывём на Кіпры, мы адказалі, што ў Пафасе. Ён пакруціў галавой і крыху зморшчыўся: «Ну, Пафас на грэчаскім баку, мы з імі не сябруем». Была бачная напружанасць адносін паміж Паўночным і Паўднёвым Кіпрам. Не ведаю, як там у агульнай масе, але адзінкавы момант быў.


«Некалі гэта былі гандлёвыя рады. Адразу ж карцінкі перад вачыма, як там прадавалі нейкія дарагія брэндавыя рэчы...»
«Узялі ў арэнду суперзабітыя веласіпеды: адзін едзе, а другі ўмее тармазіць»
– Прама на ўваходзе на тэрыторыю, адкрытую для турыстаў, ёсць пара мікракафэшак з вулічнай ежай і пракат веласіпедаў, самакатаў і электрычных гольф-машынак. 4 гадзіны арэнды веласіпеда каштуюць 5€. Але самі яны суперзабітыя – не тое што вельмі дрэнныя, а літаральна развальваюцца. Іх трэба было выбраць самастойна: калі хоць нешта падыходзіць, тады ўжо плаціце.
Я перабраў, мусіць, штук дзесяць. У паловы не працуюць тармазы, у паловы проста няма педаляў – рэальна небяспечнае для перасоўвання смецце. Мы не хацелі аддаваць за самакаты 60€, таму проста выбралі два велікі, якія больш-менш ездзяць: як я жартаваў, адзін едзе, а другі ўмее тармазіць.


Віды горада і катэдж, які развальваецца. «Былі думкі, наколькі ж людзі былі багатыя, каб мець такі дом...»
За ўвесь дзень мы ўбачылі ўсяго чалавек 20 іншых турыстаў. Цяпер, у красавіку, іх няшмат, але ў сезон павінна быць больш.


Былы праваслаўны храм і канцэртная зала на тэрыторыі Варошы.


«Тут жылі людзі, будавалі сваё жыццё – і ім прыйшлося ўсё гэта кінуць»
– Нам вельмі спадабалася: гэта сапраўды ўнікальнае месца, пра якое мы шмат чулі, чыталі і нарэшце змаглі ў яго трапіць. Атмасфера закінутага горада таксама неверагодная, яшчэ і на беразе прыгожага Міжземнага мора. Выглядае ўсё нерэалістычна і таму цікава.


Берагавая лінія з гатэлямі. «Цікава, што ўдалечыні – ржавы кран з 1970-х. Гэта значыць, калі горад пакідалі, ён яшчэ і будаваўся... Такіх кранаў мы бачылі як мінімум тры: горад развіваўся ў момант, калі памёр».
Адначасова, калі гуляеш па Варошы, адчуваеш смутак. Лагічна разумееш, як адбылося, што горад стаў закінутым. Але тут жылі людзі, будавалі сваё жыццё, укладвалі кучу сіл. І па нейкіх ваенна-палітычных прычынах ім прыйшлося ўсё гэта кінуць. Крыху праецыруеш сітуацыю на сябе, з-за гэтага некамфортна і сумна.


Некалі раскошныя гатэлі ў Варошы.
Вядома, я рэкамендаваў бы гэта месца ўсім, хто любіць атмасферу закінутасці і постапакаліпсісу.


Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.
Фота: з асабістага архіва герояў.













