Іван вырашыў здаць экзамен па польскай мове ў 47 гадоў – і пачаў рыхтавацца толькі за месяц. Падручнік B1, аішка і штоднёвыя шматгадзінныя заняткі – цяпер мінчанін расказвае чытачам CityDog.io пра свае асабістыя назіранні. А выкладчыца школы польскай мовы Polski Na Tak тлумачыць*, як эфектыўна рыхтавацца да іспытаў.
Іван (47): «Гук разлятаўся па спартовай зале – стаяла жудаснае рэха»

— Шчыра скажу, што да іспыту пачаў рыхтавацца толькі за месяц. Я рэгулярна слухаю польскамоўныя падкасты і стрымінгі. Набыў падручнік узроўню B1. Каб натрэніравацца пісаць ад рукі, вёў нататнік: перапісваў гатовыя тэксты, а пасля браў з галавы прыкладныя заданні.
Да вуснай часткі іспыту рыхтаваўся размаўляючы з аішкамі: на той час яны ўжо дастаткова прыстойна маглі выпраўляць мае памылкі. Мне вельмі гэта дапамагала.
Іспыт: «Што? Што ён сказаў? Мы нічога не разумеем!»
– Заданні былі цяжэйшыя за практыкаванні ў падручніку. Падчас пісьмовай часткі я яшчэ не дапісаў гісторыю, а ўжо дайшоў да ўстаноўленага ліміту колькасці слоў. Таму дарабіў тэкст да канца, а пасля вярнуўся і выкрасліў лішнія сказы. Пісьмовае заданне ў выніку здаў больш-менш прыстойна.
Мне не вельмі спадабалася, як выглядаў працэс здачы вуснага іспыту. Па-першае, людзі стомленыя і застрэсаваныя (бо толькі што рабілі пісьмовую частку).
Па-другое, выклікалі па той чарзе, як быў аплачаны іспыт, – добра, што я заплаціў за яго дастаткова рана, таму быў сярод першых дзясяткаў. Толькі ўявіце: вузкі калідор, а ў ім – вялікі натоўп людзей, якія чакаюць, калі іх будуць выклікаць.
Аўдыячастку мы здавалі ў спартовай зале: туды прынеслі вялікія калонкі, з якіх гучалі заданні. Гэты гук разлятаўся па зале – стаяла такое жудаснае рэха. Удзельнікі ўвесь час паўтаралі: «Што? Што ён сказаў? Мы нічога не разумеем!» Таму я б раіў сядаць бліжэй да калонак.
Але адносіны да людзей, якія прыходзяць на іспыт, вельмі пазітыўныя: экзаменатары падтрымліваюць, кажуць, што ўсё атрымаецца і будзе крута.
Вынік: «Яшчэ б менш стрэсаваў і не праецыраваў свой беларускі вопыт»
– Я атрымаў сертыфікат і прыемна здзівіўся: выніковы працэнт быў вышэйшым, чым я разлічваў. Прадказальна, але горш за ўсё здаў вусны іспыт. Таму, абапіраючыся на свой вопыт, магу параіць здаваць вусны іспыт у іншы дзень. Хоць мае выкладчыцы казалі, маўляў, усё індывідуальна – кожнаму чалавеку розныя з частак экзамену могуць падацца цяжэйшымі.
Наколькі я магу казаць ад сябе і што чуў ад іншых – экзамены ва ўсіх праходзяць даволі камфортна. Экзаменатары не ствараюць дадатковых перашкод, ставяцца з пазітывам і паразуменнем. Калі б гэта ведаў, яшчэ б менш стрэсаваў і не праецыраваў свой беларускі досвед здачы іспытаў.
Некалькі парад ад Івана, каб іспыты прайшлі як па масле
• Загадзя даведацца спіс устаноў, якія могуць прымаць экзамены. Падпісацца на электронныя паведамленні аб пачатку іспытаў – і быць у ліку першых, хто зможа запісацца на здачу (бо месцы разбіраюць вельмі хутка).
• Звязацца са школай і даведацца, дзе дакладна правядуць экзамен. (У выпадку з Іванам школа арандавала старонняе памяшканне – давялося спяшацца, каб паспець у патрэбны пункт.)
• Калі магчыма, даведацца, у якім памяшканні праводзяць іспыт і ці не здарыцца так, што школа вырашыла арандаваць спартыўную залу. Іван кажа, што рабіць заданні пад шум мячоў – не самы прыемны занятак.

Фота: ШІ-фатаграфія.
«Не бойцеся выпраўляць самі сябе – гэта вітаецца»

Каб разабрацца ў тонкасцях падрыхтоўкі і здачы іспыту на сертыфікат узроўню B1, CityDog.io звярнуўся да Крысціны Нікалайчук – выкладчыцы польскай мовы ў школе Polski Na Tak.
Да іспыту яшчэ паўгода. Як падрыхтавацца так, каб не ўпусціць усе нюансы?
– Распрацоўваем план і рэгулярна займаемся – лепш па 20–30 хвілін штодня. Падчас гэтых заняткаў адпрацоўваем усе навыкі: аўдзіраванне, чытанне, правапіс і размоўную частку. Не варта забываць і пра граматычныя заданні.
Раю запісваць свае адказы і аналізаваць іх на прадмет памылак, якія пасля будзеце выпраўляць. А яшчэ – абавязкова рашаем выпрабавальныя тэсты, іх можна адшукаць па гэтай спасылцы.
Тры дні да іспыту. Што з пройдзенага важна паўтарыць, а на што не варта марнаваць час?
– Апошнія дні перад іспытам лепш выдаткаваць на паўтарэнне асноўных правіл граматыкі, выразаў і фразеалагізмаў, якія вам спатрэбяцца для пісьмовых і вусных адказаў. І не забудзьце яшчэ раз пракруціць патрабаванні, якія датычацца пісьмовых заданняў.
Нешта я моцна хвалююся напярэдадні іспыту. Можа, яшчэ раз перачытаць канспекты?
– Каб эмоцыі не сталі перашкодай для выніку, раю крыху расслабіцца. Напярэдадні іспытаў пажадана выйсці і прагуляцца – свежае паветра дапамагае мазгавой актыўнасці. Будзьце ўпэўненыя ў сабе і памятайце, што іспыт – гэта толькі адзін з этапаў жыцця.

Фота: Quilia, Unsplash.com.
Калі вы, як і многія, у замяшанні, якую моўную школу выбраць для вывучэння польскай мовы, раім вам Polski na Tak. Тым больш раім, калі вы збіраецеся здаваць іспыт.
На іспыце з галавы вылецела патрэбнае слова. А ці ёсць тэхнікі, якія дапамагаюць хутка ўспомніць забытае?
– Запавольваемся і робім глыбокі ўдых. Калі гэта не дапамагло, кажам экзаменатарам, што нам патрэбна хвілінка адпачынку. Таксама можна папрасіць задаць навадное пытанне.
Што падчас іспыту часцей за ўсё выпускаюць з-пад увагі?
– Часам людзі не ўчытваюцца ва ўмовы задання, з-за чаго выконваюць яго толькі часткова. Таксама памылкі здараюцца, калі заданне робіцца хутка. Таму адразу ж правярайце, колькі заданняў вам трэба выканаць у раздзелах Rozumienie tekstu pisanego (разуменне напісанага) і Poprawność gramatycznа (граматыка).
- Падчас аўдзіравання раю выкарыстоўваць перапынкі паміж запісамі для самаправеркі.
- У граматычнай частцы задання яшчэ раз праверце, якія словы ўнесены ў дужкі і што менавіта трэба з імі зрабіць.
- Пры напісанні сачынення выдзеліце каля сямі хвілін на самаправерку, падлік слоў, выдаленне паўтораў і замену іх на сінонімы.
І апошняе, агульнае правіла для ўсіх заданняў – сачыце за часам.
А на што звяртаюць увагу экзаменатары?
– На тое, як былі выкананы заданні і наколькі дакладныя словы вы падабралі: выразы (і пісьмовыя, і вусныя) павінны быць лагічнымі і ўпарадкаванымі. Важная шырыня слоўнікавага запасу, а таксама камунікатыўныя навыкі і бегласць маўлення.
Дарэчы, не бойцеся выпраўляць самі сябе, калі дапусцілі памылку, – гэта нават вітаецца.
Як вучыць польскую так, каб было і цікава, і прадуктыўна?
– Найперш трэба шмат чытаць. Лепш за ўсё – артыкулы, але падыдуць і падлеткавыя выданні, бо для ўзроўню B1 зусім не абавязкова пачынаць з тэм, звязаных з сусветнай эканомікай і палітыкай. Пасля рабіце кароткі аналіз прачытанага – як пісьмова, так і вусна.
Таксама раю штодня слухаць падкасты ці радыё, ну і не забываем пра выкананне класічных практыкаванняў. Практыка – залог поспеху!
А калі вы плануеце здаваць польскую, але пакуль не ўпэўнены ў сабе – запісвайцеся на курсы школы польскай мовы Polski Na Tak.
*Гэта рэкламны матэрыял.
Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.













