Незалежны беларускі праект K6 выпусціў спецыяльны эпізод шоу K6 Live са спявачкай і мастачкай Анастасіяй Рыдлеўскай. Выпуск прымеркавалі да выхаду чацвёртага альбома Alchemia. У ім аб’ядналі музычны выступ і танцы, а сама артыстка расказала пра працу над альбомам, які запісала практычна цалкам самастойна.
Чацвёрты альбом Анастасіі Рыдлеўскай Alchemia выйшаў у верасні. Спявачка напісала і запісала яго дома, сама займалася аранжыроўкамі, прадакшнам, звядзеннем, мастэрынгам і прасоўваннем. Ёй дапамагаў сябар-гукарэжысёр.
Анастасія Рыдлеўская жыве і працуе ў Польшчы з 2020 года. Музыкантка працуе на стыку цёмнай электронікі, эксперыментальнай поп-музыкі і паганскіх матываў, а свае праекты стварае на беларускай, англійскай і французскай мовах.
З 2023 года Рыдлеўская выпусціла тры альбомы: When I Can’t Speak, Mugwort і Snake Charmer. Яны разам набралі больш за мільён стрымаў. Яе музыка таксама гучала на міжнародных фестывалях, а пра творчасць артысткі пісаў, напрыклад, Vogue Polska.
Для новага выпуску K6 Live каманда падрыхтавала паўнавартасную візуальную пастаноўку. Над ёй два дні працавалі ў Варшаве. У здымках удзельнічалі рэжысёрка, грымёрка, дызайнерка касцюмаў, рэквізітарка, фатографкі і тры танцоркі, якія з’явіліся ў фінальнай кампазіцыі Lilith. Частку рэквізіту Анастасія зрабіла сама.
У выпуску артыстка таксама расказвае пра сэнсы Alchemia. Альбом прысвечаны ў тым ліку пераадоленню цяжкага досведу, пошуку ўласнага голасу і жаночай самастойнасці. Анастасія кажа, што ёй бывае складана верыць у тое, што яе музыка патрэбная іншым, і прызнаецца, што ў гэтым ёй дапамагаюць сябры.
Што такое K6?
K6 – незалежная медыйная ініцыятыва з Варшавы, якая расказвае пра беларускую незалежную музычную сцэну ў эміграцыі. Праект стварылі музыка і прадзюсер Антон Шніп, удзельнік Irdorath і Serdce, і Стась Мурашка – заснавальнік гурта The Toobes і арганізатар канцэртаў і фестываляў.
У другім сезоне K6 Live каманда замест звычайнага студыйнага выступу стварае паўнавартасныя музычныя відэа, аб’ядноўваючы беларускіх музыкаў і адмыслоўцаў у Варшаве.
Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.

















