Новы рэстаран беларускай кухні «Палюшкі» 15 чэрвеня адкрыўся ў Ракаўскім прадмесці на вуліцы Віцебскай, 7. У аснову меню ляглі рэцэпты Алены Браніславаўны – стваральніцы вядомай харчэўні ў Тураве, дзе стравы традыцыйна гатуюць у печы.
Як пішуць у сацсетках установы, сваімі кулінарнымі сакрэтамі Алена Браніславаўна падзялілася з брэнд-шэфам Юрыем Сарокам, які разам з камандай адаптаваў рэцэпты для мінскага праекта.
«Шэф-повар “Палюшак” Юрый Сарока разам з камандай гатуе на пробу стравы паводле рэцэптаў Алены Браніславаўны: булачкі “палюшкі”, верашчаку, ажурныя бліны на кефіры і бульбяную каўбасу. З халодных закусак – сала і капуста “пялюстка” ў сучаснай падачы. А яшчэ – тыя самыя тоўстыя бліны з грушавым варэннем на дэсерт. Алена Браніславаўна ўсё спрабуе і выносіць свой вердыкт», – гаворыцца ў інстаграме рэстарана.
Інтэр’ер аформілі ў стылі, які каманда называе «неафолк»: сцены выкананы ў тэхніцы мазанкі, а печ у цэнтры залы ўпрыгожана роспісам з макамі, валошкамі і рамонкамі. У афармленні таксама выкарысталі шмат дрэва і элементы, якія нагадваюць пра традыцыйныя рамёствы.
Частка страў у меню пазначана спецыяльным сімвалам у выглядзе гасціннай гаспадыні – так адзначаны рэцэпты Алены Браніславаўны.


Меню. Скрыншот: @palyshki, Instagram.com.


Меню. Скрыншот: @palyshki, Instagram.com.
Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.
















