У Threads разгарэлася спрэчка пра тое, чым кормяць пацыентаў у беларускіх бальніцах. Адна з карыстальніц паскардзілася, што ў яе меню занадта шмат кашы і мала мяса і рыбы. Але іншыя беларусы расказалі, што іх у бальніцах кормяць цалкам годна.
Аўтарка паста расказала, што на сняданак атрымала кашу і кавалак хлеба без масла. Праз дзве гадзіны ёй прапанавалі яблык ці яйка. На абед – суп і другое, у якім, паводле яе слоў, калі пашанцуе, знойдзецца крыху мяса. А на вячэру зноў каша, на гэты раз манная, і гарбата.
Часам замест кашы на вячэру даюць бульбу з катлетай ці рыбай. Аднак жанчына здзіўляецца, чаму ў бальнічным меню так шмат каш і так мала бялковых прадуктаў. Паводле яе слоў, пасля такой вячэры яна хутка зноў адчувае голад.
У каментарыях меркаванні падзяліліся. Некаторыя карыстальнікі лічаць, што ад бальнічнага харчавання не варта чакаць разнастайнасці, а сваякі пры неабходнасці могуць прыносіць дадатковыя прадукты.
Іншыя параўналі рацыён з харчаваннем у замежных бальніцах. Адзін з карыстальнікаў расказаў, што ў Германіі яму таксама падавалі простую і прэсную ежу.
«Я ляжаў у Германіі ў шпіталі, там таксама кармілі сціпла, кашы – усё прэснае. Проста дыетычная ежа, наколькі гэта можна», – напісаў ён.
Але знайшліся і тыя, хто падтрымаў крытыку бальнічнага меню. Адна з карыстальніц адзначыла, што пацыентам неабходна атрымліваць дастаткова бялку, асабліва падчас хваробы.
Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.

















